У «Бібліятэцы «Беларускага гістарычнага агляду» выйшлі ўспаміны беларускага гісторыка Юрыя Туронка «За кардонам Бацькаўшчыны».

Вядомы спецыяліст па гісторыі Беларусі ХХ ст. Юры Туронак (нар. у 1929 г.) усё сваё жыццё пражыў па-за межамі Беларусі (ад 1950 г. — у Варшаве). Маленства і дзяцінства правёў у Дукштах (сёння — Дукштас), дзе працаваў загадчыкам павятовай бальніцы яго бацька, вядомы грамадскі дзеяч Браніслаў Туронак. Затым Дукшты адышлі да Літвы, год пабылі пад саветамі, а ў 1941 г. на тры гады трапілі пад нямецкую акупацыю. Аўтар зазначае, што

за першыя 15 гадоў жыцця, пабачыў змену сямі розных уладаў.

Ва ўспамінах менавіта дзіцячыя і юнацкія гады апісваюцца вельмі падрабязна, аповед вядзецца ад 1935 г. -- Юры Браніслававіч добра запомніў у тым годзе нараджэнне малодшага брата Міхася.

«Бацькі імкнуліся выхаваць сыноў у беларускім духу — прывіць ім веданне беларускай мовы і нацыянальную свядомасць. Гэтаму не спрыяла дукштанскае асяроддзе. На вуліцах панавалі польская, жыдоўская, часам расійская мовы, а ў сераду, калі акалічныя сяляне прыязджалі на рынак, яшчэ і літоўская… Асноўную ролю ў выхаваўчым працэсе павінен быў адыграць родны дом, у якім бесперашкодна панавала беларуская атмасфера.

Толькі па-беларуску гаварылі бацькі паміж сабой і з дзецьмі [трыма сынамі - Юркам, Андрэем і Міхасём] і патрабавалі, каб і сыны іх між сабой так і гаварылі.

З такой мэтай была запрошана з Браслаўшчыны служанка Яня, якая не толькі дапамагала маме ў хатніх занятках, але і пашырала невялікі сямейны беларускамоўны круг. На сценах пакояў віселі партрэты Багушэвіча з вусамі, Купалы і Сваяка ў сутане,

якіх я ўмеў пазнаваць яшчэ на руках у мамы або таты».

Дарэчы, першыя дзённікавыя запісы Туронак пачаў у 1943 г. — ідэю падказаў капелан Першай віленскай гімназіі, айцец Ёзас Паўкштас — і вёў іх з перапынкамі аж да 2009 г. Прычым гэта не толькі успаміны (спачатку запісваліся бягучыя падзеі), але і спробы ацэнкі рэчаіснасці, аналіз бягучага моманту, жыццёвых і грамадскіх перспектываў.

«Магчыма, нейкай прычынай творчай інспірацыі было жаданне адказаць на два пытанні, якія цікавілі беларускіх калег. Першым было іх здзіўленне, як, жывучы ўсё жыццё ў літоўскім і польскім асяроддзі, я дайшоў да беларускасці, а другім наколькі кірунак маіх доследаў паўплывалі асабістыя дачыненні і палітычныя абумоўленасці.

Разгляд абодвух пытанняў праходзіць чырвонай ніткай, па сутнасці, праз усе раздзелы кнігі…».

У 1945 г. маці з трыма сынамі выехала на радзіму, на Беласточчыну. Туронак піша, што не хацеў пераязджаць у Польшчу, якая зусім не вабіла яго, а хацеў застацца ў Вільні, у лякарні якой ён нарадзіўся і дзе рыхтаваўся да жыцця.

Марыў пра тое, каб скончыць тут [у Вільні] гімназію, атрымаць вышэйшую адукацыю і працаваць на карысць Беларусі, якую лічыў сваёй Бацькаўшчынай. Ведаў літоўскую мову, меў нямала добрых сяброў і сябровак, не хацеў шукаць шчасця-долі на чужым далёкім полі.

Сталася інакш без майго ўдзелу і супраць маёй волі»…

Чаму так сталася? Пасля заўчаснай смерці ў 1938 г. мужа — Браніслава Туронка — маці (Марыя), каб палегчыць жыццё і сабе і дезцям, вырашыла вярнуцца на радзіму, на Беласточчыну. Спачатку намерам перашкодзілі пачатак Другой сусветнай, а затым і нямецкая акупацыя. Планы былі ажыццёўлены толькі ў 1945 г., калі Беласточчына адышла да Польшчы. І туды можна было выехаць, як былым польскім грамадзянам.

Юры Туронак скончыў Гандлёвую акадэмію ў Шчэціне. Затым перабраўся ў Варшаву, дзе ад 1956 да 1994 г. адпрацаваў Замежнагандлёвай палаце і ў газеце «Rynki Zagraniczne». Туронак зазначае, што за гэты час апублікаваў больш за 300 артыкулаў, паўдзельнічаў у напісанні некалькі кнігаў (як эксперт у галіне хімічных вырабаў) і ажыццявіў 50 замежных камандзіроўвак, прапагандуючы вырабы польскай прамысловасці.

Ён адзначае, як у Літве праводзіў выступы па-літоўску (слухачы былі ў захапленні і не маглі даць веры, што ён не літовец), а ў Беларусі на аналагічных выставах ніхто з журналістаў ніводнага разу не папрасіў выступіць па-беларуску.

Мала хто ведае, але Туронак доўгія гады быў… зацятым кантрабандыстам.

Бо з замежных камандзіровак прывозіў у Польшчу, для далейшай адпраўкі ў Беларусь, забароненую эмігранцкую літаратуру.

«Акрамя кніг і часопісаў, якімі можна было карыстацца на месцы (у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане, шмат было дуплетных выданняў, якія ахвяроўваліся пажылымі эмігрантамі і ў падвале чакалі адпраўкі на Беларусь. З гэтым аднак былі немалыя праблемы. Эмігранцкія выданні, як правіла, канфіскоўваліся польскімі і савецкімі памежнікамі. (…) Тым часам мае магчымасці былі большыя: па-першае, багажы пасажыраў з службовымі пашпартамі польскім памежнікамі не кантраляваліся, і, па-другое, я нярэдка выязджаў на Захад, што кампенсавала абмежаваныя магчымасці перавозу багажу на Захад.

Дзякуючы прыхільнасці айца Надсана я даставаў часопісы ў Лондане, Парыжы і найбольш Жэневе, куды ён загадзя перасылаў поштай у мой гатэль або прывозіў асабіста.

Так узорам літоўскіх кніганошаў ХІХ ст. быў арганізаваны асаблівы канал транспарту забароненай эмігранцкай літаратуры. У выніку адпаведнай канспірацыі нашых сувязяў гэты канал функцыянаваў надзейна

і ніводная кніга не трапіла ў рукі пагранічных кантралёраў.

Адну частку прывезенай кантрабанды я перавозіў у Беларусь, іншую перадаваў варшаўскім Нацыянальнай і Універсітэцкай бібліятэкам…».

* * *

Вялікі раздзел успамінаў прысвечаны ўдзелу ў грамадскім жыцці Польшчы, а менавіта ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве. Прычым аўтар вельмі крытычна апісвае тыя падзеі, зазначаючы, што беларускія лідары часам прыярытэтам бачылі пастановы партыі, а не здаровага сэнсу, а ў таварыстве былі і супрацоўнікі бяспекі.

У тым ліку і брат біскупа Часлава Сіповіча — Пятро.

Распавядаецца ў кнізе пра зацікаўленне гісторыяй: беларускім рухам на Беласточччыне і ў Польшчы, пачаткамі нацыянальнага руху ў ХХ ст., а таксама дзейнасці Вацлава Іваноўскага. Менавіта пасля апрацаванныя жыццярысу Іваноўскага, Туронку ў Польскай акадэміі навук прапанавалі заняцца напісаннем дысертацыі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй».

Выдадзеная на яе аснове кніга, што стала бестсэлерам у пачатку 1990-х. Як зазначыў Алег Латышонак, кніга на той час была настолькі наватарскай,

што беларускія гісторыкі папросту не былі гатовыя з ёй дыскутаваць.

Кніга вытрымала два перавыданні ў 2006 і 2009 гг. Падзеі 1990-х-2000-х ва ўспамінах апісаныя ў аўтабіяграфіі больш сцісла. У гэты час Ю.Туронак працаваў над кнігай «Людзі СБМ» (зацікаўленасць Саюзам моладзі узнікла ў пачатку 1950-х пасля сустрэчаў у Польшчы з былымі СБМаўцамі), перапрацоўваў «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» ды разам з жонкай Зінай глядзеў унука Аляна.

Інтэгральная частка ўспамінаў — «Дадатак». Змешчаныя ў ім дакументы і матэрыялы абгрунтоўваюць і паясняюць пададзеныя ў тэксце некаторыя матывацыі. Таксама, у храналагічным парадку, змешчана бібліяграфія працаў.

Успаміны не адпускаюць да апошняй старонкі, шкада толькі, што «За кардонам Бацькаўшчыны» выйшлі маленькім накладам (100 асобнікаў), таму, зважаючы на вядомасць аўтара, могуць стаць бібліяграфічнай рэдкасцю.

* * *

Ю. Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны. — Мінск: Медысонт, 2010, — 276 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі гістарычны агляд»).

Бібліятэка «Беларускага гістарычнага агляду» (галоўны рэдактар і каардынатар — Генадзь Сагановіч) заснавана ў 1999 г.

Першай кнігай стала ўспаміны Франца Кушаля «Да гісторыі арганізацыі беларускага войска». Кніга Юрыя Туронка — 21-я ў серыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?