Экспарт ісламскай рэвалюцыі палохаў ня толькі ЗША і Ізраіль, а таксама Маскву, Пэкін, рэжымы Сярэдняй Азіі. А самае галоўнае, Іран ня хоча спыняць сваю атамную праграму. У чым прычына такой пазыцыі?

У гісторыі краіны маюцца і вялікія ўзьлёты, і ня менш грандыёзныя заняпады. Іранцы добра ведаюць сваю гісторыю. І сёньня апошні іранскі мужык у лаянцы з суседам згадае і Аляксандра Македонскага, і халіфа Амара, які ў VII ст. разьбіў войска апошняга шага з дынастыі Сасанідаў. Дзяржаўнасьць была адроджана толькі ў XVI ст., але значная частка спрадвечна пэрсыдзкіх (фарсімоўных) тэрыторый аказалася па-за межамі краіны — Таджыкістан, частка Аўганістану. Умяшаньне ў тэрытарыяльныя справы працягвалася і далей. У 1946 г. СССР спрабаваў адарваць ад Ірану Паўднёвы Азэрбайджан і Курдыстан, гэтаму перашкодзілі ЗША.

У 1953 г. ва ўнутраныя справы краіны ўмяшаліся амэрыканцы. Яны арганізавалі зьвяржэньне нацыянал-дэмакратычнага ўраду Масадыка, які паспрабаваў нацыяналізаваць нафту.

Апошні іранскі шаг Мухамад Рэза Пэхлеві паспрабаваў вярнуць народу пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Дзеля гэтага й была ў 1963 г. абвешчана «белая рэвалюцыя шага й народу». Грошы, атрыманыя ад продажу нафты й газу, накіроўваліся на сацыяльныя праграмы. Народу былі абяцаны бясплатная адукацыя, ільготы, сялянам — зямля, рабочым — права на ўдзел у кіраваньні прадпрыемствамі. Аднак праз карупцыю і неэфэктыўнасьць дзейнасьці кіраўніцтва рэформы засталіся збольшага на паперы.

Удар па рэжыме прыйшоў, адкуль ніхто не чакаў: ад шыіцкіх мулаў. Тут трэба ведаць пра асаблівы характар шыізму. Асноўнымі фактарамі шыіцкага сьветапогляду лічаць палітычны нонканфармізм, сацыяльны ўтапізм, пагардлівае стаўленьне да жыцьця свайго й чужога. Усе гэтыя рысы былі разьвіты аяталом Хамэйні і пакладзены ў аснову ідэалёгіі іс¬ламскай рэвалюцыі 1978—1979 га¬доў. Хамэйні абвясьціў пра незаконнасьць усялякай сьвецкай улады, прапанаваўшы замяніць яе тэакратыяй. Ён аднолькава нэгатыўна ставіўся і да СССР, і да ЗША, называючы першага «малым шатанам», другога — «вялікім шатанам». Хамэйністы ня толькі зрынулі рэжым шага, але і перамаглі варагуючыя рэвалюцыйныя групоўкі.

Хамэйні не хаваў, што ставіць канчатковай мэтай усталяваньне тэакратычнага кіраваньня ва ўсім сьвеце. Гэта выклікала вялікую трывогу і ў Маскве, і ў Вашынгтоне. Яны аднолькава імкнуліся не дапусьціць распаўсюду ўплыву Тэгерану ў рэгіёне. Без Хамэйні не было б савецкай вайны ў Аўганістане. У цеснай сувязі з Іранам дзейнічала ліванская экстрэмісцкая групоўка «Хэзбалах». Сьмерць Хамэйні, параза Ірану ў вайне з Іракам спрыялі вылучэньню ў іранскім кіраўніцтве больш памяркоўных сіл. Пры Хатамі ў краіне былі праведзены лібэральныя рэформы, загавырылі пра «дыялёг цывілізацый».

Але сёньняшні іранскі лідэр Махмуд Ахмадзінэджад належыць да тых, каго ў Іране называюць «дзецьмі ісламскай рэвалюцыі». Гэта яны захапілі ў 1979 г. амэрыканскую амбасаду, а падчас вайны з Іракам першымі ішлі на мінныя палі. Сьмерць у барацьбе з ворагам для іх — самае вялікае шчасьце, і таго ж яны патрабуюць ад усяго свайго народу.

Хтосьці, можа быць, скажа: «Чаго нам баяцца? Ня мы адны падтрымліваем Іран». Аднак, па-першае, Масква і Кітай наўрад ці будуць на справе вельмі падтрымліваць іранскіх шагідаў. Па-другое, з Расеяй і Кітаем сьвет усё-роўна будзе вымушаны лічыцца, што б ні рабілі іхнія рэжымы. Калі ж Беларусь зловяць на кантактах з Іранам, яна доўга ня зможа адмыцца. Наш ўсходні хаўрусьнік можа зрабіць нам такі «падарунак» — каб адвесьці ўвагу ад уласных махінацый зь небясьпечнымі таварамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?