Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў заклікаў Еўрасаюз не рабіць незваротных крокаў у адносінах з Беларуссю.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю бельгійскаму інтэрнэт-выданню Euobserver 12 студзеня пасля сустрэчы ў Брусэлі з вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

«Мы спадзяемся, што рашэнне ЕС не будзе незваротным, не загоніць сітуацыю ў кут, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — Урад актыўна працаваў на аднаўленне адносін з ЕС. І аднаўленне, якога мы дабіліся перад выбарамі, было дарагім. Чаму мы павінныя проста выкінуць гэта? Гэта было б проста неразумна з боку ўрада».

Мартынаў таксама адзначыў, што лёс абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў будзе вырашаць суд. Пры гэтым ён падкрэсліў — прэзідэнт краіны не можа вызваліць затрыманых.

«Вы можаце мне верыць ці не, але прэзідэнт Лукашэнка не робіць такіх званкоў праваахоўным органам», — сказаў міністр.

Euobserver нагадвае, што цяпер ЕС працуе над спісам беларускіх чыноўнікаў, якім плануецца забараніць уезд на тэрыторыю краін ЕС і дзяржаваў, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Паводле дадзеных выдання, Польшча, якая адной з першых заявіла аб намеры забараніць уезд датычным да рэпрэсій у Беларусі, ужо падрыхтавала спіс з 96 чалавек, у які ўваходзіць і Лукашэнка.

У той жа час, як заявіў Мартынаў ўчора ў Брусэлі Польскаму агенцтву друку (РАР), Беларусь у адказ на візавыя санкцыі Польшчы можа забараніць уезд на сваю тэрыторыю польскім чыноўнікам.

Нагадаем, 12 студзеня на паседжанні ў Брусэлі Еўрапарламент заклікаў кіраўніцтва ЕС прыпыніць выдачу візаў беларускім чыноўнікам, адказным за парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў. Палітычнае рашэнне Еўрасаюза аб санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў павінна быць прынята 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных справаў краін ЕС.

З пачатку гэтага тыдня Мартынаў знаходзіўся з візітам у Заходняй Еўропе. Інфармацыю пра візіт МЗС Беларусі не распаўсюджваў. Паводле паведамленняў еўрапейскіх афіцыйных крыніц і СМІ, Мартынаў наведаў Бельгію, Фінляндыю і Чэхію. Цяпер «міністр знаходзіцца на сваім працоўным месцы», паведамілі БелаПАН у прэс-службе МЗС.

Сам Аляксандр Лукашэнка 30 снежня быў намякнуў, што выпусціць тых, хто пакаецца перад ім асабіста. «Калі яны не маюць дачынення да масавых пагромаў і апынуліся там, на плошчы, з ідэйных меркаванняў, то я буду асабіста разглядаць магчымасць вызвалення, — сказаў ён.
— А калі ты вінаваты, то я ўмешвацца не буду», — папярэдзіў ён.

Як вядома, лукашэнкаўцы не арыштавалі Яраслава Раманчука, які выступіў з пакаяльнай заявай у першы ранак пасля арыштаў. Між тым сем астатніх кандыдатаў ад апазіцыі па справе праходзяць. Таксама быў выпушчаны Віталь Рымашэўскі, пасля таго як даслаў «тлумачальную» на імя Лукашэнкі, змест якой не разгалшваецца. А Андрэй Саннікаў арыштаваны нават разам з жонкай. Менавіта супраць яго была скіравана, дарэчы, і заява, якую змусілі прачытаць Раманчука. Мяркуючы па выніках з нешматлікіх участкаў, дзе назіральнікі маглі сачыць за падлікам галасоў, менавіта Саннікаў выходзіў на другое месца пасля Лукашэнкі.

Нагадаем, што 19 снежня дзясяткі тысяч чалавек у Мінску выйшлі на вуліцы, каб патрабаваць свабодных выбараў без Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?