У пасольствах Германіі і Польшчы пакуль не каментуюць артыкул у газеце «Советская Белоруссия», у якім нямецкія і польскія спецслужбы абвінавачваюцца ў дачыненні да падзей 19 снежня ў Мінску.

«Ніякага каментара не будзе», — паведамілі БелаПАН у прэс-службе пасольства Германіі.

У польскай дыпмісіі пакуль устрымліваюцца ад каментараў да правядзення кансультацый з Варшавай.

14 студзеня газета «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул «За кулісамі адной змовы», у якім размясціла перададзеныя па ўказанні Аляксандра Лукашэнкі «некаторыя рассакрэчаныя дакументы пра падзеі 19 снежня».

«Няма ніякіх сумненняў, што да падзей 19 снежня прыклалі руку перш за ўсё спецслужбы Польшчы і Германіі, якія спланавалі і арганізавана аформілі ГК ГП (грамадзянская кампанія „Гавары праўду!“, якую ўзначальваў экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. — БелаПАН.), якая паводле задумы павінна была стаць „Новай апазіцыйнай сілай“, здольнай змяніць уладу ў краіне», — гаворыцца ў артыкуле.

«Палігонам для арганізацыйнага фарміравання сілы, здольнай змяніць у Беларусі законную ўладу, стала Польшча. Там былі наладжаны спецыяльныя і трэніровачныя лагеры для „актывістаў“, там рыхтаваўся будучы правячы клас, там узгадняліся асноўныя знешнепалітычныя рашэнні з прыцягненнем дыпламатычнага корпусу. Усё гэта выклікае шкадаванне, хаця б таму, што народ братэрскай Польшчы мае цесныя сувязі з беларускім народам. Шкада, што гэтага не хочуць разумець некаторыя палітыканы», — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Згодна з артыкулам, спонсарамі ГК ГП «з’яўляліся прадстаўнікі дзяржаўнай структуры Рэспублікі Польшча (МЗС Польшчы)».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?