Актывіст Сяргей Сямёнаў падрыхтаваў спэцыфічны падарунак для супрацоўнікаў мытнай службы. Улічваючы пастаянную цікавасьць да яго асобы падчас перасячэньня мяжы, маладзён узяў з сабой CD з надпісам «How to make revolution in Belarus», на якім была запісана інфармацыя эратычнага зьместу.

На днях Сяржук Сямёнаў перасякаў украінска-беларускую мяжу. Як звычайна, ягоныя асабістыя рэчы пільна даглядалі мытнікі. Супрацоўнікаў мытнай службы асабліва зацікавіла кружэлка з надпісам «Як рабіць рэвалюцыю». У выніку, быў складзены пратакол і дыск канфіскавалі.

Паводле словаў актывіста, насамрэч на CD зьмяшчалася інфармацыя эратычнага зьместу. «Гэта было зроблена адмыслова, – паведаміў Сяржук Сямёнаў, – мне надакучыла, што кожнага разу пры перасячэньні мяжы мяне даглядаюць з асаблівай зацікаўленасьцю».

Нагадаем, што выпадкі пільнага догляду актывіста на мяжы здараліся і раней. Да прыкладу, у верасьні Сержука ўвогуле не хацелі выпускаць за межы краіны.

«Спадзяюся, азнаёміўшыся са зьместам гэтага дыску, – адзначыў маладзён, – хто-небудзь з супрацоўнікаў гэтага мытнага пункту ўсьвядоміць абсурднасьць дадзенай сытуацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?