Сёньня ў Менску кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Іен Боўг прэзэнтуе новы праект стратэгіі Эўракамісіі адносна Беларусі.
Паводле новай стратэгіі, Эўразьвяз гатовы адчыніць свае рынкі для беларускіх тавараў, даць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць візавы рэжым і гэтак далей. Але для гэтага афіцыйны Менск мусіць выканаць 12 патрабаваньняў. Сярод іх спыненьне перасьледу апазыцыі, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сапраўднага сьледзтва ў справах зьніклых палітыкаў, свабодныя выбары.
У прэс-службе Міністэрства замежных справаў Беларусі ініцыятыву Эўракамісіі пакуль не камэнтуюць, спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі.
Аднак рэакцыю афіцыйнага Менску на гэтыя прапановы можна прадказаць, зыходзячы з камэнтару старшыні камісіі міжнародных справаў палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова. Ён заявіў у інтэрвію радыё «Свабода»:
«Гэта чарговая палітыка дыктату: вы гэта рабіце, а мы потым паглядзім. Ня будзе так ніколі. Сустрэчныя крокі павінны быць аднолькавыя і роўныя па часе. Вуліца з двухбаковым рухам, а пакуль нам прапануюць зноў жа вуліцу з аднабаковым рухам. Усё гэта песьні з адной опэры, як і тыя падвойныя стандарты».
Фота Андрэя Лянкевіча