На кватэры ў бабруйскай актывісткі «Гавары праўду» Алены Мядзьведзевай адбыўся ператрус. Праводзіўся ён у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19-20 сьнежня ў Менску.

Як паведаміла актывістка, ператрус пачаўся а палове на дзявятую. Яго праводзілі чацьвёра супрацоўнікаў у цывільным. Панятых прывезьлі з сабою. Ператрус доўжыўся каля дзьвюх

гадзінаў:

Мядзьведзева: «Забралі шаснаццаць блянкаў пасьведчаньняў ініцыятыўнай групы, сшыткі з запісамі, некалькі дыскаў. Забралі таксама кнігу Карбалевіча „Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт“. Паводзілі сябе карэктна».

Алена Мядзьведзева была каардынатаркай бабруйскага штаба кандыдата ў прэзыдэнты Уладзімера Някляева. Два разы яе выклікалі на допыт у КДБ усё па той жа крымінальнай справе, якая стала нагодай для ператрусу.

* * *

На кватэры ў старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва адбыўся ператрус. Гаспадара не было дома. У кватэры знаходзіцца яго жонка й малалетняя дачка.

Паводле жонкі, Надзеі Салаўёвай, людзі ў цывільным спачатку запатрабавалі адчыніць дзьверы, а потым заявілі, што будуць праводзіць ператрус. Ён пачаўся аб адзінаццатай гадзіне і доўжыўся паўтары гадзіны.

Салаўёва: «Забралі два бел-чырвона-белыя сьцягі, сыстэмны блёк кампутара, фотакамэру з касэтай. На ёй запіс падзеяў на Плошчы. Адну флэш-картку. Перагледзелі ўсе шафы й папкі. Копіі пастановы мне не пакінулі. Сказалі, што ня маюць права. Прапанавалі толькі азнаёміцца. Санкцыя на ператрус выдадзеная мінскім пракурорам Куліком 13 студзеня. У пастанове напісана, што „Зьміцер Салаўёў браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве „Плошча-2010“. Здымаў падзеі на відэа. Па месцы жыхарства могуць знаходзіцца відэаматэрыялы падзеяў, а таксама іншыя прадметы й дакумэнты, якія адносяцца да арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў“. Падпісаў пастанову сьледчы ўправы КДБ па Магілёўскай вобласьці маёр Батвінкоў. Ператрус праводзілі сьледчыя КДБ Алег Махуноў і Антон Ромскі».

Паводле спадарыні Салаўёвай, дваіх панятых супрацоўнікі КДБ прывезьлі з сабою.

Зьміцер Салаўёў па справах знаходзіцца ў Менску. 12 студзеня яго выклікалі ў КДБ і вынесьлі папярэджаньне за арганізацыю летась несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?