«Просьба да ўсіх далучыцца да акцыі па тлумачэнні еўрапейцам неабходнасці эканамічных санкцый супраць рэжыму. Самым важным і хваравітым месцам для «луканомікі» з’яўляецца экспарт прадуктаў нафтахімічнай вытворчасці, які складае ад 40 да 60% паступленняў у бюджэт. Эмбарга на ўвоз у Еўрасаюз нафтапрадуктаў з Беларусі дазволіць забіць двух зайцаў адразу. Гэта выкліча банкруцтва рэжыму Лукашэнкі ўжо праз 2–3 месяцы. Па-другое, Лукашэнка стане канчаткова непатрэбны расійскім алігархам, якія зарабляюць на «шэрых» пастаўках нафты праз беларускі афшор. Ім прыйдзецца шукаць новага перапрацоўніка і пасярэдніка».

Працытаваная заява разляцелася па інтэрнэце. Яе перадрукавалі сотні, калі не тысячы блогераў і карыстальнікаў фэйсбука.

Аўтар закліку — журналіст Уладзімір Чудзянцоў, але пад такой праграмай падпісаліся б многія прыхільнікі радыкальнага вырашэння сітуацыі. Яны мяркуюць, што прымусіць Лукашэнку паважаць людзей і іх свабоды можна, толькі пахіснуўшы трываласць беларускай эканомікі. Ці магчымае ўвядзенне радыкальных эканамічных санкцый Еўрасаюза ў дачыненні Беларусі?

Вайна з «Белнафтахімам»

Каб адказаць на гэтае пытанне, давайце пабачым, як сусветная супольнасць раней спрабавала ўплываць на беларускі аўтарытарны рэжым.

Гісторыя санкцый супраць Лукашэнкі налічвае пакуль што ўсяго адну спробу эканамічнага ціску.

13 лістапада 2007 года Мінфін ЗША замарозіў усе банкаўскія рахункі, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй ЗША і належалі «Белнафтахіму» і яго прадстаўніцтвам у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама кампаніі «Белнафтахім ЮЭсЭй». Амерыканскім бізнэсоўцам было прадпісана ўстрымацца ад кантактаў з беларускім канцэрнам.

Праз паўгода санкцыі былі пашыраныя на ААТ «Лакафарба» (Ліда), РУП «Полацкае вытворчае аб’яднанне «Шкловалакно» і ЗАТ «Беларускі нафтавы гандлёвы дом». Усе іх амерыканскія рахункі таксама былі заблакаваныя.

У верасні 2008-га «Лакафарба» і «ПолацкШкловалакно» былі часова памілаваныя — амерыканскім грамадзянам дазволілі супрацоўнічаць з гэтымі прадпрыемствамі. Змякчэнне санкцый пастаянна падаўжаецца на наступныя паўгода, чарговая вызначальная дата прызначана на 31 мая 2011 года.

На «Белнафтахім» санкцыі значна не паўплывалі. «Была праведзеная пэўная праца па пераводзе разлікаў на іншыя віды валют [з даляра]», — заяўляў намеснік канцэрна «Белнафтахім» Міхаіл Асіпенка.

Ніякіх афіцыйных эканамічных выкладак, якія б пралічвалі атрыманыя ці неатрыманыя страты, грамадскасці прадстаўлена так і не было.

Ціск на Іран

Міжнародныя эканамічныя санкцыі называюць прамежкавымі мерамі — гэта ўжо не ўгаворванне, але яшчэ не прымяненне сілы.
Самымі ўсёабдымнымі лічацца санкцыі ААН. Зараз яны працуюць супраць 11 краінаў свету з сумнеўным іміджам, напрыклад, Судана, Самалі, Афганістана… За ўсю гісторыю існавання ААН быў толькі адзін прэцэдэнт, калі санкцыі накладаліся на еўрапейскую краіну. Гэта была Югаславія Слабадана Мілошавіча.

Санкцыі Еўрасаюза не такія строгія, але таксама істотныя. Часцей за ўсё гэта эмбарга на пастаўку зброі ў тую ці іншую краіну і абмежаванне паездак кіраўніцтва дзяржавы. Напрыклад, забарона на імпарт узбраення ў Кітай дзейнічае ажно з 1989 года. Хоць азіяты і не пакутуюць ад гэтага, яны настойліва патрабуюць ад Еўропы адмяніць іміджавыя санкцыі.

З прыкладаў эканамічнага ціску апошняга часу найлепшым прыкладам выглядае Іран. Аятолы ўсхвалявалі свет, развіваючы сваю ядзерную і ракетную праграмы. Еўрасаюз і ЗША замарозілі інвестыцыі ў нафтавую і газавую прамысловасць краіны і забаранілі супрацоўніцтва з Іранам. Прэзідэнт краіны Махмуд Ахмадзінеджад зрабіў выгляд, што не заўважыў праблемы: «У сучасным свеце, з канкурэнцыяй свабоднага гандлю, санкцыі не працуюць. Санкцыі супраць Ірана не далі плёну». Але пры гэтым Іран спрабуе як мага хутчэй адмяніць эканамічны ціск. І нават пайшоў на саступкі.

Казуліна вызвалілі, і цяпер спрацуе?

Ці спрацоўваюць насамрэч санкцыі?

Былы намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Расіі, Украіны, Беларусі і Малдовы Дэвід Крэмэр мяркуе, што менавіта палітыка палітычных санкцыяў прывяла да вызвалення палітычных зняволеных (Казуліна, Дашкевіча ды іншых) у Беларусі ў 2008 годзе, і абвінавачвае нямецкую дыпламатыю ў тым, што яна перашкаджала гэтаму вызваленню.

Эксперты, апытаныя «Нашай Нівай», схіляюцца да меркавання, што і ў гэты раз Еўропа абмяжуецца палітычнымі санкцыямі — напрыклад, пашырэннем спіса невыязных, ігнараваннем лукашэнкаўцаў.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у выпадку калі лукашэнкаўцы не зробяць істотных крокаў наперад, 31 студзеня будуць уведзены толькі візавыя санкцыі.
Але ў той жа час у еўрапейскіх сталіцах упершыню магчымасць увядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі абмяркоўваецца. Узважваюцца канкрэтныя прапановы, і Меркель заручылася падтрымкай Берлусконі ў гэтым пытанні.
Паводле нашых ацэнак, Еўропа будзе пагражаць увядзенннем эканамічных санкцый у выпадку, калі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшае і пасля 31 студзеня.
Эканаміст Сяргей Чалы: Магчымы крах эканомікі

«НН»: Ці пратрымаўся б «Белнафтахім» без экспарту нафтапрадуктаў у Еўропу?

СЧ: Гледзячы што лічыць Еўропай… Напрыклад, палова нафтапрадуктаў у Латвіі — беларускія. Якая стаіць мэта, дасягнуць краху эканомікі Беларусі ці паўплываць на змены палітыкі? Першае магчыма, але другое — не.

«НН»: Ці ёсць якія-небудзь іншыя метады эканамічнага ўздзеяння? Якія б працавалі, але былі бясшкодныя для самой Еўропы.

СЧ: Ёсць — проста нічога не рабіць. То бок не шкодзіць, каб не даваць падставаў для прапаганды, але і не адказваць на просьбы пра эканамічную дапамогу. Дапамагаць прыватнаму бізнэсу, але супрацоўніцтва на міждзяржаўным узроўні спыніць.

Палітык Лявон Баршчэўскі: Не купляць бензін, пакуль не выпусцяць зняволеных

ЛБ: Безумоўна, санкцыі патрэбны. Гэта адзіны сродак давесці сітуацыю да таго, каб ва ўлады ўзніклі праблемы з выплатай заробкаў сілавым структурам. Людзі павінны задумвацца, несці адказнасць.

«НН»: У якім выглядзе Вы ўяўляеце эканамічныя санкцыі?

ЛБ: Не гандляваць, не купляць бензін ці іншыя нафтапрадукты — тое, на чым трымаецца рэжым. Калі выпусцяць закладнікаў, санкцыі можна будзе змякчыць.

«НН»: Ці можна рызыкаваць магчымым дэфолтам?

ЛБ: Хай спачатку выпусцяць закладнікаў! Санкцыі патрэбныя, каб паставіць беларускую ўладу ў цывілізаваныя межы.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў: Эканамічныя санкцыі ўзмацняюць дыктатуры

ДМ: Галоўная дылема санкцыяў — як прымусіць беларускі ўрад паважаць правы чалавека і змусіць да дэмакратычных рэформаў, але адначасова не нанесці шкоду звычайным грамадзянам. Гісторыя паказвае, што эканамічныя санкцыі звычайна ўзмацняюць рэпрэсіўнасць дыктатуры.

«НН»: Тады якімі іншымі сродкамі варта карыстацца?

ДМ: На будучыню — дыялог і паступовае ўцягванне Беларусі ў эканамічную інтэграцыю з Еўрасаюзам. Але Еўрасаюз мусіць і неяк адказваць на гвалт у Беларусі, інакш ён страціць твар у вачах уласных грамадзян. Было б добра паслаць сігнал грамадству праз вырашэнне візавага пытання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?