12 сьнежня ў клюбе «Юла»

Сваё трохгодзьдзе партал «Тузін Гітоў» вырашыў адзначыць выданьнем чарговага дыску – «Прэм’ер Тузін 2006» і вялікім канцэртам, прысьвечаным творчасьці Міхала Анемпадыстава. Рок-паэт і мастак стаў на «Тузіне Гітоў» чалавекам году, ён аўтар тэкстаў адразу двух галоўных беларускіх гітоў – «Аўтабіяграфіі» (Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі) і «Сьвятла ў цемры» (IQ48). 12 сьнежня ў клюбе «Юла» будзе вялікі канцэрт «Бэніфэст Міхала Анемпадыстава».

«Бэніфэст» – нешта сярэдняе між бэнэфісам, маніфэстам і фэстывалем. Весьці яго будзе сам герой году. «Такога маштабнага творчага вечара ў мяне яшчэ не было, – прызнаецца Міхал. – Таму я запрасіў сваіх сяброў-музыкаў, і ў якасьці выканаўцаў, і ў якасьці гасьцей». Прагучыць розная музыка, але Анемпадыстаў абяцае зрабіць так, каб зьмена стыляў дапамагала слухаць, а не замінала. Сярод удзельнікаў будуць Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, праект «Народны альбом». «IQ48» засьпявае ня толькі «Сьвятло ў цемры», але і новую песьню на верш Анемпадыстава. «Apple Tea» акрамя сваёй джазавай праграмы, рыхтуецца сыграць галоўны гіт сэзону на ТГ – «Аўтабіяграфію». Гэтая песьня, дарэчы, ўпершыню прагучыць жыўцом у Беларусі.

12 сьнежня адбудзецца і рэліз новага дыску –«Прэм’ер Тузін-2006», у які ўвойдуць найлепшыя песьні сэзону, якія абіралі наведнікі і экспэрты гіт-параду. Сюды ўвойдзе усё самае лепшае з таго, што гучала цягам дзевяці месяцаў на «Тузіне Гітоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?