Далучэньне Беларусі да Расеі – найгоршае, што можа здарыцца з Польшчай, – піша польскі тыднёвік «Wprost» і разам з тым заўважае: Адхіленьне Лукашэнкі ад улады – першая за многія гады супольная мэта Расеі і Захаду адносна Беларусі.

Канец беларускага дыктатара блізкі, бо Крамлю патрэбны ў Менску свой чалавек, а Лукашэнку такім больш ня лічаць, мяркуе Сяргей Няхамкін, да нядаўняга часу апазыцыйны дзеяч [такі дзяяч нам няведамы. -- "НН"] у Беларусі, а ў Расеі журналіст газэты «Аргументы недели».

–Карты раздаюць у Крамлі. Лукашэнка ня мае ніякага права голасу, – кажа ён Wprost’у.

«Лукашэнка ніколі не ўспрымаўся Пуціным як кіраўнік сувэрэннай краіны, – дзеліцца назіраньнямі ніжэй у атрыкуле расейскі журналіст Дзьмітры Бабіч. – Масква ахвотна пазбылася б Лукашэнкі – упершыню за шмат год мэты Расеі і Захаду ў дачыненьні Беларусі падаюцца тоеснымі. Адрозьненьні ўзьнікаюць разам з пытаньнем, як павінна выглядаць Беларусь пасьля Лукашэнкі. Расейцы хочуць мець у Беларусі свайго чалавека. Як такі разглядаецца, напрыклад, Аляксандар Казулін, – сьцьвярджае Бабіч.

– Сьпіс прарасейскіх палітыкаў доўгі, аднак небясьпечна пералічваць іхныя прозьвішчы. Тыя, хто цесна зьвязаны з Крамлём, трапляюць за краты – лічыць Няхамкін. Шмат што сьведчыць пра тое, што ўлады ў Менску баяцца кіраванай з Масквы псэўдарэвалюцыі. Прарасейскі палітык Аляксандар Казулін трапіў у турму і знаходзіцца там нягледзячы на пратэсты расейскага амбасадара ў Менску [такі факт нам няведамы. -- "НН"]. Канфлікт паміж Менскам і Масквой мусіць быць заўважаны Эўразьвязам і Варшавай. Упершыню зьяўляецца шанец пазбавіцца ад Лукашэнкі. Цаной за гэта, аднак, можа быць фактычнае далучэньне Беларусі да Расеі.

Магчыма, трэба абараняць Лукашэнку як незалежнасьць, згодна з прынцыпам, што супернік майго суперніка ёсьць маім патэнцыйным саюзьнікам, – задаецца пытаньнем Wprost. Найгоршае, што можа здарыцца з Польшчай, гэта далучэньне Беларусі да Расейскай Фэдэрацыі. Дылема цяжкая, бо неабходна рабіць выбар «паміж чумой і халерай». Пакуль што выглядае, што польскія дыпляматы не заўважаюць праблему. Аляксандар Лукашэнка ўсё яшчэ ўспрымаецца як марыянэтка Крамлю. Польскія дыпляматы мысьляць схемамі, актуальнымі дзесяць гадоў таму. Тым часам сёньня ў Менску можа пачацца антылукашэнкаўская «мірная рэвалюцыя», якую ўзначаліць хто-небудзь з былых афіцэраў КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?