Таксама Еўрапейская народная партыя заклікае органы Еўрасаюза спыніць усю фінансавую падтрымку Беларусі і ўдзел ва Усходнім партнёрстве, замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі.

Самая вялікая палітычная група Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя (ЕНП) — прадставіла свой, беспрэцэдэнтна жорсткі, варыянт рэзалюцыі па Беларусі. З улікам тэкстаў іншых палітычных груп еўрапарламентарыі прымуць узгоднены дакумент 20 студзеня.

Варыянт рэзалюцыі ад дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі заклікае Савет Міністраў ЕС, Еўракамісію і Высокага прадстаўніка ЕС па замежнай палітыцы, сярод іншага:

— Замарозіць усю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграмаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі;

— Замарозіць удзел Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве да станоўчых зменаў, «пачынаючы з безумоўнага вызвалення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі»;

— Перагледзець палітыку ЕС да Беларусі ўключна з эканамічнымі адносінамі, падтрымаць развіццё дэмакратыі праз павялічэнне фінансавай падтрымкі незалежным СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці, колькасці стыпендый для выключаных беларускіх студэнтаў, працягнуць падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта;

— Абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да «абсалютнага мінімуму»;

— Неадкладна вярнуць візавыя забароны для беларускіх чыноўнікаў, уключна з прадстаўнікамі судоў і спецлужбаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і паслявыбарныя рэпрэсіі ды арышты сябраў апазіцыі;

— Замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых беларускіх экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі;

— Паскорыць працу ў сферы аблягчэння візавага рэжыму і рэадмісіі, з тым каб аблегчыць кантакты паміж людзьмі.

Апрача таго, варыянт рэзалюцыі ад ЕНП:

— Асуджае арышты і затрыманні больш за 700 дэманстрантаў і 7 з 9 кандыдатаў, запужванне грамадзянскай супольнасці праз масавыя ператрусы ў прыватных кватэрах, офісах СМІ і няўрадавых арганізацыях, ужыванне брутальнай сілы з боку міліцыі і супрацоўнікаў спецслужбаў да дэманстрантаў, а ў асаблівасці выражае «сваё абурэнне брутальнай атакай на Някляева»;

— Асуджае абмежаванне доступу адвакатаў да зняволеных і непрадстаўленне зняволеным медыцынскай дапамогі;

— Запрашае міжнародных партнёраў ЕС заняць падобную пазіцыю да беларускага рэжыму і заклікае далучыцца да стварэння міжнароднай камісіі па аб’ектыўным і дэталёвым расследаванні падзеяў 19–20 снежня;

— Выражае меркаванне, што спартовыя мерапрыемствы кшталту Чэмпіянату свету па хакеі-2014 не мусяць праводзіцца ў Беларусі, калі ў краіне будуць палітычныя зняволеныя;

— Заклікае Еўракамісію скасаваць дапамогу дзяржаўным СМІ Беларусі.

У сваім варыянце рэзалюцыі Еўрапейская народная партыя заклікае беларускія ўлады правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары У дакуменце прыводзяцца вытрымкі з папярэдняга заключэння назіральніцкай місіі АБСЕ, паводле якіх працэс падліку галасоў «значна пагоршыў агульны працэс галасавання».

Там, сярод іншага адзначаецца: «У шматлікіх выпадках назіральнікі былі абмежаваныя і не мелі магчымасці назіраць за падлікам. У некаторых выпадках лічбы, запісаныя ў выніковых пратаколах выбарчых участкаў, адрозніваліся па прыбыцці ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі».

Свае варыянты рэзалюцыі па Беларусі прапануюць і іншыя палітычныя групы Еўрапейскага парламента: сацыялістаў ды лібералаў.

Прадстаўленыя імі варыянты таксама даволі жорсткія, большасць пунктаў супадаюць з меркаваннем Еўрапейскай народнай партыі. 20 студзеня Еўрапарламент прагаласуе па ўзгодненым усімі палітычнымі групамі дакуменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?