15 лістапада: Суд над ПКБ адклалі

Маскоўскі суд Берасьця аштрафаваў за Дзень салідарнасьці, наладжаны ў кастрычніку Андрэя Шарэнду (50 базавых велічыняў), Анатоля Ермака (30 б.в.), Ганну Берсан, Юр’я Боўбеля, Кацярыну Бельскую (па 20 б.в. кожнага).

Вярхоўны суд адклаў разгляд пазову Мін’юсту да ПКБ наконт прыпыненьня дзейнасьці партыі – да заканчэньня выбараў у мясцовыя саветы.

Гандлёвая фірма «Эўраопт» звольніла з працы спэцыяліста па рэкляме і мэрчэндайзінгу, актывіста БСДП(Г) Максіма Касьцевіча, калі ён вырашыў балятавацца ў дэпутаты.

16 лістапада: Дзень салідарнасьці

Суд Цэнтральнага раёну Менску не задаволіў пазоў ПКБ пра абарону дзелавой рэпутацыі, скіраваны на адрас КПБ і яе газэты «Коммунист Белоруссии. Мы и время» за артыкул пра «ўзьяднаўчы» зьезд партыі. Суд пастанавіў, шот адбываецца палітычная дыскусія.

У Менску на вакзале перад пачаткам акцыі "Дзень салідарнасьці" затрыманыя моладзевыя актывісты Зьміцер Хведарук, Сяржук Гумілін, Надзея Клімовіч, Крысьціна Шацікава, Вольга Жураўлёва. Пазьней тамсама затрымалі 9 удзельнікаў акцыі салідарнасьці і фотакарэспандэнтаў Юлію Дарашеквіч, Сяргея Грыца, Васіля Фядосенку і Аляксея Мацюшкова. Журналістаў пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі. На затрыманага Аляксандра Сьцепаненку пагражалі скласьці пратакол пра «супраціў работнікам міліцыі», калі ён не аддасць лічбавы фотаапарат з здымкамі затрыманьня.

Каля станцыі мэтро «Маскоўская» затрымалі Ўсевалада Шашарына, Кірылу Шымановіча, Надзею Клімовіч, Сяргея Гумінскага, Натальлю Харытанюк, Уладзімера Маляўку, Віялету Мікульчык.

У Горадні на акцыі салідарнасьці затрымалі музыку Станіслава Пачобута: наступнага дня яго асудзілі на 5 сутак арышту. На знак пратэсту актывіст абвясьціў галадоўку.

Падчас Дня салідарнасьці ў Віцебску затрымалі актывіста ПБНФ Кастуся Смолікава, журналіста радыё «Рацыя» Вадзіма Баршчэўскага і праваабаронцу Леаніда Сьвеціка, у якіх не было пры сабе пашпартоў.

У Гомелі на акцыі салідарнасьці былі затрыманыя каля 10 чалавек, у тым ліку звычайныя мінакі.

Аўтамабіль Анджэя Лісоўскага апячаталі: гарадзенскі актывіст Саюзу палякаў у Беларусі застаецца падазроным у справе пра кантрабанду наркотыкаў.

У Салігорску «за зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі» аштрафавалі бацькоў моладзевых актывістаў Івана Шылы, Зьмітра Бараноўскага й Андрэя Тычыны. Кожны штраф склаў 3 б.в.

Сябра грамадзянскай ініцыятывы «Трэці шлях» Паўла Марозава выклікалі ў менскую пракуратуру й азнаёмілі з пастановай сьледзтва: ён стаў падазроным у паклёпе на Лукашэнку за мультфільмы палітычнага зьместу.

У Магілёве суд прызнаў законнымі дзеяньні міліцыянтаў, якія ўлетку затрымалі мясцовых дэмакратычных актывістаў за нашэньне саколак з надпісам «Надакучыў».

Міліцыя адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце апаганьваньня царквы «Новае жыцьцё».

18 лістапада

У добраахвотнага распаўсюдніка «НН» Уладзімера Лазарчыка міліцыянты канфіскавалі 48 экзэмпляраў газэты. З Лазарчыка было ўзятае тлумачэньне. Газэты, пасьля прадастаўленьня рэгістрацыйных дакумэнтаў «НН», міліцыянты вярнулі.

20 лістапада

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін атрымаў зь Берасьцейскага гарвыканкаму адмову на заяўку аб правядзеньні пікетаў для збору подпісаў: ён вылучаецца кандыдатам у дэпутаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?