Якой яна будзе? Аналізуем музычныя набыткі і страты 2010-га.

2010-ы музычны адзначыўся дзясяткамі канцэртаў замежных знакамітасцяў у Мінску. І калі мінулы год у айчыннай музыцы прайшоў пад знакам «Ляпіса Трубяцкога», дык сёлета «дзяжурным па краіне» быў Лявон Вольскі, завяршыўшы 2009 год выбуховым акустычным канцэртам N.R.M. пры аншлагу ў «Казе». Не менш удала прайшоў і электрычны канцэрт гурта ў лютым — публіка засумавала без улюбёнцаў. Праўда, больш энэрэмаўцы фанатаў ні разу не парадавалі.

Напярэдадні лютаўскага выступу Вольскі выклаў у інтэрнэце песню «Палітыка-паралітыка», якая выклікала бурлівае абмеркаванне. У ёй пяялася пра «змагароў», якім з Захаду «грошай ліецца рака» — фактычна, выказваўся пратэст супраць таго, каб усё, што ў краіне адбываецца, разглядалася праз прызму барацьбы між рэжымам і яго апанентамі. Шмат хто не чакаў такога ад аўтара аптымістычна-натхняльнага «Гадзючніка».

Праўда, праз некалькі месяцаў Вольскі — свядома ці не — яшчэ раз аддаў даніну «паралітыцы», напісаўшы на словы Уладзіміра Някляева песню «Гавары праўду». Аднак больш нічым прыхільнасці да аднайменнай грамадзянскай кампаніі не выявіў. І на мітынгах у падтрымку кандыдата Някляева не выступаў. Як і ў падтрымку іншых кандыдатаў. Чаму? Сёлета няма адзінага кандыдата, тлумачыць Вольскі, і прыхільнікі яго музыкі расцярушаныя.

Пасля трохгадовага перапынку на сцэну вярнуўся і «Крамбамбуля».

У новым складзе гурт запісаў і выклаў у вольны доступ у інтэрнэце сінгл «Раз-два-тры, усе за стол!»

У пачатку года стартануў і супольны праект «Такога няма нідзе» з удзелам Уладзіміра Пугача, Русі, Віталя Артыста, Андрэя Такінданга, Ганны Хітрык. Рухавіком яго быў Вольскі. Музыкі запісалі па-беларуску песні ў стылістыцы і па матывах музыкі 1960-х гадоў.

Нельга не адзначыць удзелу Вольскага ў праекце радыё «Свабода» «Саўка ды Грышка». Яго злабадзённыя прыпеўкі ад імя лукашыста і апазіцыянера чапляюць старэйшае пакаленне. Таксама Лявон сыграў музыку ў беларускай стужцы «Дастыш фантастыш», для якой напісаў і песню. Удзельнічаў у фестывалях Be2gether, «Навальніца».

Але найбольшую ўвагу выклікаў праект Вольскага «Белая яблыня грому» на словы знакавых беларускіх паэтаў — ад Чачота да Барадуліна. З гэтай праграмай Вольскі прайшоў на дзяржтэлебачанне і збірае аншлагі на жывых канцэртах.

Рокеры — у гарады, на вёску — дудары

Музычных фэстаў сёлета менш не стала. І хаця адны адмяняліся, іх месца займалі іншыя.

«Рок-каранацыя» сёлета не прынесла сенсацый. Дый набыла клубны фармат — прайшла ў «Рэактары». Адным з прэтэндэнтаў на галоўную рок-карону быў англамоўны олдскулавы гурт The Toobes. Яго ўдзельнікі набылі скандальную вядомасць, калі на ўручэнні музычнай прэміі сайта experty.by непрыхільна выказаліся пра беларускаю мову. Рок-карону ж атрымаў гурт «Без білета».

Фестываль BelaMusic, які ў 2009 упершыню прайшоў пад Мінскам, сёлета не адбыўся. Спонсары не падтрымалі, хаця адзін з арганізатараў, Алег Хаменка, спадзяецца на вяртанне фэсту ў 2011-м. Не было і Be Free, які да гэтага ладзіўся тры гады ва Украіне. Планавалі ператварыць яго з вандроўнага ў стацыянарны, у Чарнігаве. Але чарнігаўскія чыноўнікі адмовілі. Адпіска была фармальнай — рокеры патопчуць траву ў парку. У кулуарах казалі пра намёк з боку беларускіх уладаў. Але ўжо налета Be Free пагадзіўся прыняць іншы ўкраінскі горад — Роўна.

Верагодна, апошні раз прайшло і «Амбасовішча», якое традыцыйна ладзілася ў рэзідэнцыі амерыканскага пасла ў Раўбічах. Пасольства палічыла нерэнтабельным надалей выкарыстоўваць рэзідэнцыю — праз зацяжны канфлікт з беларускім бокам пасла ЗША ў краіне няма, а колькасць працаўнікоў пасольства скарочана да мінімуму.

Затое пад Мінскам прайшоў фестываль «Паляна». Але ўражанне такое, нібыта яго зрабілі «разавым» спецыяльна пад «Ляпіс Трубяцкой». Гурт адмяніў сольны канцэрт у Мінску на карысць «Паляны», дзе адыграў дзвюхгадзінную праграму. Нават расійскаму «Рублю» Сяргея Шнурава далі ўдвая меней часу.

На транспамежным фестывалі Be2gether у літоўскіх Нарвелішках Беларусь сёлета прадстаўлялі Лявон Вольскі, Open Space, CherryVata, Akute. Be2gether наведаў і пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын. Раней афіцыйны Мінск стараўся быць на адлегласці ад такіх мерапрыемстваў.

«Рок за баброў», які ўжо другі год праходзіў пад Мінскам, працягнуў эвалюцыю. Пераймаючы «Басовішча», арганізаваў конкурс маладых музыкаў. Перамог дасыць сталы «Бан Жвірба» з Гомеля.

Са зменамі каторы год праходзіць і «Басовішча». Сёлета на фэсце не выступілі ні N.R.M., ні «Палац», ні «Крама». Затое ўпершыню заспяваў «Ляпіс Трубяцкой». А пераможцам абралі магілёўскі гурт Akute — трансфармаваныя «Глюкі».

Калі рокеры імкнуліся ў гарады ці стараліся асесці непадалёк ад іх, аматары старажытнай музыкі паехалі ў глыбінку. У дзясяты раз у музейным комплексе «Дудуткі» прайшоў «Дударскі фэст», а на Ашмяншчыне другі год запар ладзіўся «Гальшанскі замак».

«Ляпіс Трубяцкой» за лета аб’ехаў свет. Выступіў на венгерскім фестывалі Sziget. Быў канцэрт на галандскім фэсце Mundial. Разам з трыма канцэртамі ў Германіі, гэтыя выступы паспрыялі прасоўванню альбома гурта «Агітпоп», што выйшаў летам у Нямеччыне.

«Саня останется с намі»

Свой адбітак на музычнае жыццё наклала і прэзідэнцкая кампанія. Брутальны панк-філосаф Міхей Насарогаў, дагэтуль вядомы вузкаму колу аматараў, прагрымеў на ўсю краіну. Яго гурт Rockerjoker праспяваў пад гітарку і баян песню «Саня». Сцёбную — пра тое, што «Саня останется с намі» і «всё будет ок». Ідэолагі гумару не зразумелі, песня пайшла па радыёстанцыях, а тэлеканал АНТ зняў на яе кліп.

Rockerjoker аспрэчваюць, што іх Саня мае прататып у беларускай палітыцы. Што ім застаецца рабіць?

А вось аўтарка песні «Наш презідент», педагог вакалу дзіцячага ансамбля «Зорачка» пры Ансамблі Узброеных сілаў, не хавае, каму прысвечаная песня. Па ступені вернападданасці гэтая песня далёка абыходзіць «Слухай бацьку» «Сяброў». Плюс яна праспяваная дзіцячым калектывам. Ці можна гэта расцэньваць як выкарыстанне дзяцей у палітычнай агітацыі?

А вось гурт J: морс, які ў 2006-м не выйшаў на сцэну «Рок-каранацыі», бо ў зале быў Мілінкевіч, сёлета адмовіўся выступіць на канцэрце ў падтрымку Лукашэнкі «Беларусь — гэта мы». У адказ чыноўнікі адмянілі вялікі канцэрт гурта ў мінскім Палацы спорту — сцэна занятая. Але пасля шуму, які падняўся ў прэсе, канцэрт усё-такі дазволілі. Праўда, з эфіраў дзяржрадыё і ТБ гурт знялі.

…і іншыя кокеры

Фактычна перастаў існаваць магілёўскі гурт «Маўзер». Спачатку яго пакінулі басіст і бубнач, у выніку чаго сарваўся электрычны канцэрт у Мінску. А пасля сышоў і гітарыст. Ян Маўзер пераехаў у Мінск, каб сабраць новы склад.

Яшчэ большай нечаканасцю стаўся развал каманды «Дзецідзяцей». Выпусціўшы беларускамоўны альбом «Рух», музыкі пайшлі ў бестэрміновы адпачынак, з якога не вярнуліся. А Ганна Хітрык заснавала новы праект «Сундук».

Да сёлетніх стратаў можна аднесці «перафарматаванне» беларускага тэлеканала «Першы музычны». Увага на ім аддавалася расійскай і заходняй поп-музыцы, але нярэдкімі былі і навіны аб беларускіх музыках. Канал пераназвалі ў «ВТВ», на якім цяпер транслююць расійскія серыялы.

У 2010-м Мінск трапіў у гастрольныя графікі сусветнавядомых музыкаў, бо з’явілася адпаведная такім канцэртам пляцоўка — «Мінск-Арэна». У беларускай сталіцы выступілі Джо Кокер, Стынг, Limp Bizkit, Элтан Джон… Нават «жахлівы» Rammstein. Канцэрт апошняга спрабаваў адмяніць старшыня Грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец. Генерал, а па сумяшчальніцтве і старшыня лукашэнкаўскага саюза пісьменнікаў Чаргінец наракаў на амаральнасць творчасці немцаў. Сарваць прыезд Rammstein яму не ўдалося, а вось рэклама выйшла добрая.

На «Еўрабачанні» беларускі гурт «3+2» выйшаў у фінал і заняў там перадапошняе, 24-е месца. Праект быў занадта іміджавым: для еўрапейскага конкурсу абралі англамоўную кампазіцыю, напісаную расейцам Максам Фадзеевым. Хаця спачатку «3+2» меркавалі ехаць з беларускамоўнай песняй на словы Віктара Шніпа «Анёлы». Не зраслося.

На дзіцячым «Еўрабачанні», што праходзіла ў Мінску, перамог армянскі выканаўца. Беларус Даніла Казлоў быў толькі пятым. Ніякіх скандалаў і піяру, як з леташнім «Чароўным трусікам», а вынік вышэйшы.

Пазітывы

Тэндэнцыя 2010-га — у першым паўгоддзі ўпершыню колькасць беларускамоўных альбомаў пераўзышла колькасць расійска¬моўных. Прынамсі, па выніках маніторынгу сайта experty.by. Варта адзначыць і заяву міністра культуры Паўла Латушкі, які выступіў супраць выкарыставання плюсавай фанаграмы (калі на фанаграме запісаны голас). Міністр адзначыў, што 60–70% песень на беларускай эстрадзе спяваецца «пад фанеру».

Страта года

…Год, можа, так і скончыўся б у цэлым на пазітыве. Але ў снежні нечакана памерла Вольга Самусік. Рок-князёўна 2007 года, 25-гадовая спявачка запомнілася працай у гуртах Zygimont Vaza і «Тарпач».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?