Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь адновяцца на наступным тыдні.
Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла крыніца ў беларускай дэлегацыі, якая сёння ў Маскве брала ўдзел у перамовах прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі Міхаіла Мясніковіча і Уладзіміра Пуціна.

Пастаўкі нафты сталі адной з тэмаў перамоваў. Як паведаміў па іх выніках журналістам беларускі прэм’ер-міністр, кіраўнікі ўрадаў далі шэраг даручэнняў віцэ-прэм’ерам і міністрам, каб у найбліжэйшыя дні вырашыць усе пытанні, звязаныя з паліўна-энергетычным комплексам.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін нагадаў, што ўрад Расіі ўзяў на сябе абавязак скасаваць мыты за пастаўляную ў Беларусь нафту пасля ратыфікацыі беларускім бокам базавых дакументаў па фармаванні Адзінай эканамічнай прасторы.
Бакі выканалі свае абавязальніцтвы, сказаў Уладзімір Пуцін, аднак засталося пытанне, звязанае з цэнаўтварэннем паставак.

У той жа час Уладзімір Пуцін запэўніў, што расійскі бок будзе імкнуцца да таго, каб ільготы для беларускай эканомікі ў нафтавым сектары былі не меншыя за тыя, якія існавалі да ўвядзення ў 2007 годзе нафтавых мытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?