Чарговы скандал з прычыны сталінісцкіх поглядаў кіраўніцтва ВАК.

Дысертацыя Сяргея Тукалы па гісторыі Мінскага гета з-за сваёй аб’ектыўнасці не зацверджана прэзідыумам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, заявіў 21 студзеня ў Гістарычнай майстэрні Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау доктар гістарычных навук прафесар Эмануіл Ёфэ. Ён з’яўляецца вядучым у краіне даследчыкам гісторыі Халакосту.

Паводле слоў Ёфэ, выпускнік аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Тукала двойчы не змог абараніць дысертацыю «Генацыд і барацьба яўрэяў у Мінскім гета». «Апошні раз кіраўніцтва ВАК адмовілася зацвердзіць гэтае даследаванне, хаця экспертны савет па гісторыі ВАК даў «дабро» навуковай працы Тукалы», — сказаў Ёфэ.

Ён зазначыў, што ў сваёй дысертацыі Тукала непрадузята паказвае гісторыю Мінскага гета, у тым ліку яго кіраўніцтва — яўрэйскага камітэта (юдэнрата). «Яго члены, прызначаныя акупантамі, з’яўляліся калабарацыяністамі, паколькі вымушаны былі выконваць загады нацыстаў. Разам з тым многія з іх, у тым ліку два першыя старшыні юдэнрата — Ілья Мушкін і Мошэ Ёфэ, а таксама кіраўнік яўрэйскай паліцыі Зяма Серабранскі, былі звязаны з падполлем гета, удзельнічалі ў антыфашысцкім супраціўленні і былі пакараныя смерцю гітлераўцамі. Аднак кіраўніцтва ВАК не прымае такую трактоўку мінулага Мінскага гета і лічыць, што дысертацыя павінна адлюстроўваць толькі калабарацыянізм у дзейнасці юдэнрата», — падкрэсліў Ёфэ.

Ён выказаў шкадаванне, што навуковае даследаванне «таленавітага сына беларускага народа Сяргея Тукалы дагэтуль не атрымала належнай ацэнкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?