Фота photo.bymedia.net

Апазыцыя прарвалася-такі на Захад — у поўным сэнсе гэтага слова. Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з кіраўніком Эўракамісіі, канцлерам Нямеччыны, прэзыдэнтамі Літвы, Польшчы, міністрамі замежных справаў Францыі, Украіны — Лукашэнку такія паездкі нават і ня сьніліся. Між тым, заходнія журналісты выкарысталі момант, каб пазнаёміць сваіх чытачоў, слухачоў і гледачоў зь беларускім палітыкам ды падрыхтаваць іх да беларускага інфармацыйнага цунамі, прызначанага на сакавік. Сярод матэрыялаў пераважалі інтэрвію. Што казаў адзіны кандыдат?

«Палацавая рэвалюцыя выключаная»

Кансэрватыўная «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг» адвяла інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам амаль цэлую паласу пад шапкай «палітыка». У сярэдзіне старонкі — фота з Кангрэсу дэмакратычных сілаў: толькі што абраны адзіны кандыдат высока трымае сьціснуты кулак. Праўда, журналіст ФАЦ назвае Мілінкевіча «апазыцыйным беларускім палітыкам», пабойваючыся гучнага эпітэту «лідэр апазыцыі», ды ўпарта падае яго імя ў расейскай транскрыпцыі. Пра тое, што нашую краіну называюць «WeiЯrusland», казаць залішне — нямецкая прэса аніяк не жадае ўспрыняць міжнародны назоў «Belarus». Аднак, нягледзячы на дробныя недарэчнасьці, інтэрвію выйшла прыязным.

Характэрна, што першы адказ Мілінкевіч пачынае са слова «мы». «Вы самі казалі, што шанцаў на перамогу ў вас няма. Чаму вы ўсё-такі выступаеце супраць Аляксандра Лукашэнкі?» — правакуе першым пытаньнем журналіст. «Мы ў апазыцыі доўга вырашалі, ці варта нам увогуле ўдзельнічаць у выбрарах, — адказвае Мілінкевіч. — Бо вынік ужо вядомы... Але з дапамогай выбараў мы зможам усталяваць кантакт з насельніцтвам». Карэспандэнт: «У кастрычніку самыя розныя палітычныя сілы абралі вас адзіным кандыдатам у прэзыдэнты. Як доўга можа існаваць такі саюз?» Адказ Мілінкевіча: «Да перамогі». На пытаньне «Што зьяўляецца галоўнымі недахопамі і памылкамі Лукашэнкі?» Мілінкевіч адказвае так: «Самая галоўная правіна Лукашэнкі ў тым, што ён стварыў сыстэму татальнага прыніжэньня людзей».

Што да намэнклятуры, Мілінкевіч ня лічыць яе маналітам, але і не глядзіць на яе праз ружовыя акуляры: «Сярод «намэнклятуры» ёсьць людзі, нязгодныя з тым, што адбываецца ў краіне. Я ведаю гэтых людзей, размаўляў зь імі. Але нельга разьлічваць на тое, што незадаволеныя ў шэрагах «намэнклятуры» самі па сабе праявяць палітычную актыўнасьць. Гэта адбудзецца, калі мы выйдзем на вуліцу перамогі. Палацавая рэвалюцыя, спроба путчу ў асяродку кіруючай эліты выключаная».

Мілінкевіч ня марыць пра паўтарэньне ўкраінскага сцэнара. «Ці можаце вы ўявіць у Беларусі рэвалюцыю накшталт украінскай?» — пытаецца карэспандэнт. «Кааліцыя дэмакратычных сілаў супраць рэвалюцыі, — адказвае Мілінкевіч, аднак дадае: — Але мы патрабуем чэсных і адкрытых выбараў. Улада на гэта ніколі ня пойдзе, і гэта прыніжае людзей. Таму ня выключана, што людзі выйдуць на вуліцу, каб, як украінцы, сказаць: «мы ня быдла».

«Мы зможам перамагчы»

«Людзі сытыя па горла хлусьнёй», — такі загаловак мае інтэрвію, які Аляксандар Мілінкевіч даў журналістцы нямецкай карэспандэнцкай сеткі n-ost. У адрозьненьне ад «ФАЦ», першае пытаньне датычыцца асабістага жыцьця Мілінкевіча: «Як успрыняла вашая сям’я рашэньне Кангрэсу абраць вас адзіным каныдыдатам у прэзыдэнты?» «Яны пажадалі мне перамогі і папрасілі быць асьцярожным», — адказвае Мілінкевіч. «Барацьба будзе цяжкай», — прызнае ён. «Людзі ў краіне ня ведаюць вас. Ці ўдасца вам сьцвердзіцца ў якасьці альтэрнатывы дзейнаму прэзыдэнту?» — пытаецца журналістка. «Так, я здолею гэта зрабіць, — упэўнена адказвае Мілінкевіч. — У краіне пашыраныя пратэстныя настроі. Ад 50 да 70% людзей жадаюць зьменаў». На пытаньне, ці будзе яго каманда карыстацца парадамі ўкраінскіх экспэртаў, Мілінкевіч адказаў станоўча: «Яны разумеюць сытуацыю лепш за заходніх дарадцаў». Журналістка спрабуе даведацца, ці не жадае Мілінкевіч выкарыстаць зброю суперніка, але атрымлівае такі адказ: «У мэтадах Лукашэнкі няма нічога, што мне б падыходзіла. Людзі сытыя па горла хлусьнёй».

Аўстрыйская «Вінэр цайтунг» зьмяшчае інтэрвію «Атмасфэра абсалютнага страху». Першае пытаньне журналіста датычыць словаў Пуціна пра тое, што «ў Беларусі магчымыя свабодныя выбары». Мілінкевіч такой думкі не падзяляе: «Гэта ня так. Але мы былі б больш чым удзячныя прэзыдэнту Пуціну, каб ён дапамог дэмакратыі замацавацца ў Беларусі».

«Ці верыце вы ў тое, што можаце перамагчы?» — запытваецца журналіст. «Мы абсалютна ўпэўненыя, што зможам перамагчы, калі выбары будуць сумленныя, — адказвае Мілінкевіч. — Але я не магу прыгадаць, каб у нядаўнім мінулым дыктатарскія рэжымы прайгравалі выбары».

На пытаньне «Якую думку вы хацелі б данесьці да прэзыдэнта Пуціна?» Мілінкевіч адказвае: «У шэрагах беларускай апазыцыі няма антырасейскіх палітыкаў. Калі мы пераможам, дачыненьні з Расеяй нават будуць лепшыя, чым цяпер. Мы гатовыя ўлічваць расейскія інтарэсы, калі яны не супярэчаць інтарэсам Беларусі».

Падобныя думкі адзіны кандыдат выказваў і ў іншых інтэрвію. «Мы жадаем быць сапраўдным мостам паміж Усходам і Захадам, а не прахадным дваром», — заявіў Аляксандар Мілінкевіч выданьню EU Observer. Але Захаду таксама ёсьць, над чым працаваць.

«Эўропа развучылася даваць рады дыктатурам», — рэзка адзначыў Мілінкевіч у інтэрвію радыёстанцыі «Нямецкая хваля».

Агульныя ўражаньні

Сэнс звароту Мілінкевіча да Захаду такі: не чакайце дакладнага паўтору ўкраінскага сцэнара, беларускі рэжым куды больш жорсткі. Калі палітык і праводзіць паралелі, дык з Польшчай часоў «Салідарнасьці». На думку Мілінкевіча, спадзявацца на намэнклятуру таксама не выпадае.

Ад Захаду патрабуецца найперш інфармацыйная дапамога. Найчасьцей Мілінкевіч кажа пра патрэбу мець тэлебачаньне, аднак канкрэтных парадаў не дае. Ён апэруе лічбай 24%, калі кажа пра сваю падтрымку сярод насельніцтва. Найгоршымі рысамі жыцьця ў Беларусі Мілінкевіч лічыць страх і прыніжэньне, а патэнцыял перамогі — у людзях, якім абрыдла гэта цярпець.

Упершыню Беларусь займела твар і голас у Эўропе. У параўнаньні зь Мілінкевічам, Лукашэнка блякне, бо ў сьвядомасьці эўрапейцаў ён прысутны як фантом, як цень над краінай. А Мілінкевіч — жывы чалавек.

Да Мілінкевіча лідэраў апазыцыі на Захадзе так не прымалі. Ня факт, што так будуць прымаць і надалей — калі Мілінкевіч адыдзе ці будзе адсунуты ўбок інтрыганамі пасьля магчымай часовай няўдачы ў сакавіку. Адзіны кандыдат атрымаў вялікі аванс даверу, і, каб яго апраўдаць, яму давядзецца заставацца лідэрам да перамогі, калі б яна ні прыйшла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0