Рэакцыя свету на беларускія падзеі апошняга месяца выклікае павагу і аптымізм. Даўно не назіралася гэткай паслядоўнасці і рашучасці ў дзеяннях, якая, пры гэтым, тычыцца не толькі кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза, але, па вялікім рахунку, усіх міжнародна-палітычных гульцоў вакол Беларусі.

Даўно не назіралася такога шырокага і адэкватнага асвятлення беларускай тэмы ў заходніх і расійскіх СМІ, і не было такой рашучасці праваабарончай супольнасці нарэшце направіць пражэктар на Беларусь.

Ідэі санкцыяў толькі ўзнікалі ў фэйсбукавых статусах ключавых апазіцыянераў, як на наступны дзень гучалі ў прамовах высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў. Разгонам 19 снежня хтосьці перайшоў важную рысу, пра што цяпер мае нагоду шкадаваць.

ЕС вымушаны ратаваць твар пасля таго, як беларускі рэжым прадэманстраваў выразную пагарду да ідэі канструктыўнага дыялогу. Заходнія краіны задэкларавалі цэлы шэраг крокаў, якія беларуская дэмакратычная грамадскасць мусіць падтрымаць. З пункту гледжання публічнасці, хачу адзначыць дзве ключавыя думкі.

Ударыць спортам па палітыцы

Першая — байкот чэмпіянату па хакеі ў Беларусі 2014 г. А яшчэ лепей — яго перанос у іншую краіну. А яшчэ лепей — нядопуск беларускіх спартоўцаў на спаборніцтвы ў як мага больш шырокіх маштабах.

Разважаць пра тое, што гэты сучасны прафесійна-шоубізнесавыпоп-спорт мусіць заставацца па-за палітыкаю — гэта па сваёй наіўнасці тое ж самае, што казаць, што ён мае заставацца і па-за камерцыяй. Спаборніцтвы нацыянальных камандаў былі, ёсць і будуць не толькі цыклапічным рэкламным карнавалам, але і выражэннем палітыкі, сублімацыяй агрэсіі грамадства і фестывалем прапаганды для дыктатарскіх рэжымаў.

Скажаце, што Алімпійскія гульні праводзілі і ў гітлераўскай Нямеччыне, і ў СССР? Скажаце, што нават зборную КНДР дапусцілі ў фінальную частку мінулага чэмпіянату свету па футболе?

Дык нішто не замінае Беларусі зрабіцца першым прэцэдэнтам, калі міжнародная супольнасць праявіць сваю пазіцыю па непрыманні дыктатарскіх рэжымаў, якія займаюцца прыгнётам сваіх грамадзянаў. Непрыстойна сядаць за адзін стол з бандытам — дык чаму прыстойна выходзіць з ім на адну хакейную арэну?

Многія заўзятары абурацца, што Беларусь не заслугоўвае нацыянальнай ганьбы такога маштабу, як выключэнне са спаборніцтваў. Але што па сваёй ганебнасці тое выгнанне з чэмпіянатаў у параўнанні з наяўнасцю султанісцкага рэжыму ў еўрапейскай краіне на пачатку ХХІ стагоддзя? Хай нядопуск беларускіх камандаў будзе для кагосьці нагодаю задумацца і паразважаць пра прычыны і вынікі.

Візавыя санкцыі

Другая важная ідэя — масавыя візавыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму.

Гэтыя санкцыі мусяць датычыць не толькі і не гэтулькі найвышэйшага кіраўніцтва (таму міністр замежных справаў Мартынаў і не трапіў у праекты спісаў — каб было праз каго весці перамовы), колькі выканаўцаў з шэрагу чыноўнікаў сярэдняга і ніжэйшага рангу: афіцэраў КДБ, жаўнераў АМАПу, суддзяў, старшыняў і чальцоў выбарчых камісіяў. Польскі спіс неўязных ужо вядзе лік на сотні і тысячы, і гэта правільна.

Мэта гэтай санкцыі — адбіць жаданне выконваць злачынныя загады і ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў і палітычных рэпрэсіях.

Не варта адрынаць і магчымасць дадавання ў спіс неўязных блізкіх сваякоў гэтых людзей — хай самі спытаюцца ў таты/мамы ці мужа/жонкі, «за што», і самі папросяць зрабіць высновы што да кар’еры і палітычнай пазіцыі.

З другога боку, Еўрапейскі Звяз мог бы скасаваць для беларускіх грамадзянаў візы ўвогуле або зрабіць іх агульнадаступнымі. Некалькі месяцаў таму краіны Шэнгенскага пагаднення дазволілі бязвізавы ўезд грамадзянам Албаніі ды Босніі. Наўрад ці беларускія грамадзяне ўяўляюць большую небяспеку ў сферы наркатрафіку, нелегальнай міграцыі, імпарту злачыннасці, чым жыхары згаданых краінаў. Але, на жаль, мы наўрад ці сапраўды дачакаемся ад заходніх еўрапейцаў такой шчодрасці.

Неабвешчаная вайна на ўсходнім фронце

Мала таго, што прадказальны набор патэнцыйных санкцыяў вылучыў Еўрапейскі Звяз… Не словам, але справай, і ў куды больш балючай форме, хай з куды больш меркантыльных інтарэсаў, да санкцыяў далучылася Расія.

Расійцы працягваюць выкручваць Лукашэнку рукі: калі б не паслявыбарны тэрор, галоўнаю навіною студзеня была б чарговая неабвешчаная і не названая «вайною» нафтавая і прапагандысцкая вайна Крамля і Лукашэнкі.

Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь спыненыя, і вынікі перамоваў па іх узнаўленні наўрад ці паспрыяюць фінансавай стабільнасці рэжыму. Расійская тэлевізія не перастае рэгулярна выпускаць надзіва адэкватныя сюжэты пра падзеі ў Беларусі, якія не саступаюць па сваёй сіле нашумеламу серыялу пра «Крёстного батьку». Пачатак гэтага тыдня падарыў нам красамоўнае і элегантнае паведамленне пра тое, што расійскія назіральнікі, бач ты, «засакрэцілі» вынікі сваёй працы на беларускіх выбарах.

Фатальная памылка?

Матывацыя дзеянняў уладаў 19 снежня і пасля гэтага застаецца загадкай і прадметам спекуляцый. Ад разгону дэманстрацыі, якая і без таго мела мала шанцаў ператварыцца ў рэвалюцыю, да паказальнай жорсткасці да палітыкаў і асабліва да хвалі прапагандысцкага выкрывання, накіраванай супраць Польшчы і Нямеччыны, яшчэ нядаўна актыўных адвакатаў збліжэння з Лукашэнкам — за ўсім гэтым не бачыцца рацыянальнасці. І таму ўсё большае адчуванне, што недзе рэжым дапусціў сур’ёзную памылку. Магчыма, што гэта памылка акажацца фатальнаю.

Не кажучы пра недаўгавечнасць беларускай эканамічнай мадэлі, адно нават тое, што форма, абставіны і час непазбежнага адыходу А.Лукашэнкі ад улады застаюцца невядомымі і могуць патэнцыйна суправаджацца гвалтам — адно гэта стварае каласальны недавер да Беларусі і аўтаматычна, па вызначэнні, робіць Беларусь ачагом рэгіянальнай нестабільнасці.

А таму, як пісаў раней і як паўтару яшчэ раз, спакойная, дэмакратычная і прадказальная Беларусь патрэбна ўсім. Непрадказальны аўтарытарны Лукашэнка не патрэбен нікому. Мяркуючы па выразе свайго бледнага твару і па мяхах пад вачыма, стоячы ў чарговы раз з рукой на Канстытуцыі, першы прэзідэнт Беларусі разумеў гэта не горш за нас усіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?