Непасрэдным продкам усіх беларусаў можна лічыць толькі першага чалавека, які сам сябе назваў беларусам. Гэта быў Саламон Рысінскі, Solomo Pantherus Leuсorussus. Піша Алег Латышонак.

Пэўне ж няшмат на сьвеце нацыяў, якія ведаюць імя і прозьвішча першага чалавека, які да гэтай нацыі належаў. Вядома, кожны народ мае сваіх продкаў, а ўсе мы паходзім так ці інакш ад Адама і Эвы. Пра беларусцаў Мацей Стрыйкоўскі пісаў, што паходзяць яны, так як і маскоўцы, ад Ноевага сына Яфэта, ягонага нашчадка Мосаха і Мосахавага «ўласнага патомка» Роса або Руса. Усё-такі непасрэдным продкам усіх беларусаў можна лічыць толькі першага чалавека, які сам сябе назваў беларусам. Гэта быў Саламон Рысінскі, які ў 1586 годзе запісаўся ва Альтдорфскі ўнівэрсытэт пад Нюрнбэргам як Solomo Pantherus Leuсorussus. Гэта і ёсьць першай вядомай гістарычнай навуцы дэклярацыяй беларускасьці.

Праз два гады ён, у пісьме з каментаром да прац Аўзоніяда, накіраваным свайму нямецкаму суаўтару і сябру Канраду Рытэрзгаўзэну, назваў сваю бацькаўшчыну Leucorossia. У іншым пісьме Рысінскі тлумачыць суаўтару ўжываньне прыналежных прыметнікаў: «Яшчэ й цяпер маскоўцы, беларусы (Leuсorussі) і вялікая частка літоўцаў такім часта карыстаюцца».

А дзе тая Беларусь?

Да Рысінскага назву Белая Русь прымянялі выключна чужаземныя пісьменьнікі ў дачыненьні да самых розных частак Русі: ад Галіччыны праз Валынь, Пскоўшчыну, Полаччыну і Ноўгарад Вялікі па Маскоўшчыну. Пры тым яны пісалі пра «Белую Русь», «белых русінаў» або «беларусцаў». У Рысінскага назвы краіны і нацыі зьяўляюцца адразу ў сёньняшняй форме: Беларусь і беларусы, бо так перакладаюцца грэцка-лацінскія тэрміны Leucorossia і Leuсorussі.

Інтэлектуальны прарыў

А цяпер уявім сабе, што ніхто ў сьвеце ня лічыць сябе беларусам. Пра Белую Русь пішуць толькі чужынцы, прычым памяшчаюць ад Белага да Чорнага мора. Усе навокал называюцца хто русінам, хто ліцьвінам. І вось Рысінскі прыходзіць да думкі, што гэтая «Белая Русь» – менавіта ягоная бацькаўшчына, а беларусам зьяўляецца ён сам. Такім чынам тое, што Рысінскі сябе назваў беларусам, а сваю бацькаўшчыну Беларусьсю было абсалютнай навізной, проста гіганцкім інтэлектуальным прарывам.

Застаецца яшчэ ўстанавіць, што канкрэтна значылі для Рысінскага тэрміны беларус і Беларусь. Са згаданага раней выказваньня Рысінскага вынікае ясна, што ён не лічыў сябе ні маскоўцам, ні літоўцам. Стасоўна апошніх Рысінскі ведае, што вялікая частка літоўцаў гаворыць па-славянску, але ня ўсе (зь літоўскай мовай мусіў быць знаёмы з часу, калі настаўнічаў у Жмудзі). Дарэчы, знаёмыя ў Нямеччыне ведалі яго як руса (Russus). Сваю бацькаўшчыну ў прыдуманай самому сабе эпітафіі падчас сьмяротнай, як яму здавалася, хваробы таксама традыцыйна назваў проста Русьсю: «Вось я, каго нарадзіла на мяжы Масквы шматсьнежнай, / Слаўная зьвярамі, паляўнічымі пушчамі, борамі Русь». Гэтая Русь ляжала там, дзе бачылі яе тады ўсе тубыльцы, г.зн. над Дняпром і Дзьвіной у Вялікім Княстве Літоўскім.

Пад маскоўскай акупацыяй

Тэрміналёгія, якой карысталіся сучасьнікі Рысінскага, дазваляе ўстанавіць месца яго нараджэньня. Саламон быў, як можна меркаваць, сынам шляхціца Фёдара Рысінскага гербу Астоя з Рысіна ў Полацкім ваяводзтве (сёньня ў Расеі). Сам Рысінскі ўсё-такі двойчы назваў як месца свайго нараджэньня Кабыльнікі. Існавалі тады дзве мясцовасьці з такой назвай: мястэчка Кабыльнік (сёньня Нарач) у Ашмянскім павеце і ленны маёнтак Кабыльнікі ў Віцебскім ваяводзтве. Ашмяны тады не лічыліся часткай ні Русі, ні Белай Русі. У 1585 г. ашмянскія францішкане Белай Русьсю (Alba Russia) называлі Полаччыну. Такім чынам, Рысінскі нарадзіўся відавочна ў Кабыльніках Віцебскага ваяводзтва. У час яго нараджэньня Полаччына знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй, і Рысінскія, відаць, вымушаныя былі пакінуць сямейнае гняздо.

Беларус, шырэй – сармат

Як беларус, лічыў сябе прыналежным да шырэйшай супольнасьці сарматаў, бо аднойчы падпісаўся як Solomo Rysinius Sarmata. Сарматызм пазьней вырадзіўся ў вузкую ідэалёгію шляхты Рэчы Паспалітай. Усё-такі, у часы Рысінскага і для яго асабіста сармата абазначала альбо грамадзяніна Рэчы Паспалітай і ў тым сэнсе паляка, або, шырэй – славяніна. Рысінскі карыстаўся тэрмінам сармат адначасова ў абодвух значэньнях. Відаць гэта ў яго пісьме да Вінанда Карнэлія. З аднаго боку, Рысінскі захапляецца польскай мовай і называе яе сармацкай, а палякаў – сарматамі. З другога боку, Рысінскі піша, што мова рускага народу таксама багатая як мова палякаў. Увогуле сьцьвярджае: «Як шырока сармацкая мова распаўсюджаная, на колькі гаворак падзяляецца, якія народы, якія краіны, якое насельніцтва абымае, тут немагчыма даць дакладны пералік; але, карыстаючыся дабрадзействамі гэтай мовы, кожны зможа прайсьці ад Адрыятыцкага заліву да Касьпійскага мора безь перакладчыка, разумеючыся на такіх велічэзных прасторах. Пры тым, якія народы, якія плямёны, якія акругі ўключае гэтая старана сьвету, пакідаю дзеля ацэнкі вучоным у геаграфіі».Тут відавочна, што сармацкая мова – гэта мова ўсіх славянаў.

Праява Новага часу

Такім чынам, Саламон Рысінскі лічыў сябе беларусам і славянінам, грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Самаакрэсьленьне Рысінскага як беларуса можна трактаваць як літаратурную гульню. Тым ня менш, спосаб думаньня Рысінскага пра нацыянальнасьць – безумоўна праява Новага часу. Раней у ВКЛ этнічнасьць была зьнітаваная зь веравызнаньнем. Хаця здараліся выняткі, як правіла русін быў праваслаўным, а літовец – католіком. Рэфармацыя прынесла з сабой ломку традыцыйных этнаканфэсійных стэрэатыпаў. У тым сэнсе можна сьцьвердзіць, што Рысінскі змог падумаць пра сябе як пра беларуса менавіта таму, што быў пратэстантам-кальвіністам.

Рысінскі ніколі не вяртаўся да праблемы сваёй нацыянальнасьці, а прынамсі нічога пра гэта ня ведаем. Пасьля вяртаньня ў Вялікае Княства служыў Крыштапу Радзівілу Перуну і ягонаму малодшаму сыну, таксама Крыштапу. Да канца жыцьця пражываў ва ўласна Літве, перш за ўсё ў Вільні. Займаўся рэлігійнай дзейнасьцю, пісаў лацінскія панэгірыкі сваім дабрадзеям, зьбіраў фальклёр і выхоўваў Януша Радзівіла, у будучыні – першага здрадніка Рэчы Паспалітай.

Служба Радзівілам, заўзятым літоўскім сэпаратыстам, можа тлумачыць, чаму Рысінскі пра сваю беларускасьць больш ня згадваў – ня месца дзеля гэтага было на двары правадыра Літвы.

Першы беларус быў пратэстантам

Паміраў першы беларус вельмі цяжка. У 1625 годзе ў Дзяляцічах, «у першы чацьвер пасьля сьвятога Марціна, пасьля поўдня, калі ён за сталом сядзеў, параліж яго ўзяў і мову яму заняў. Потым ноччу меў кадук цяжкі разоў сорак. Памяці ня страціў і бачаньня, што відаць было зь ягоных жэстаў, якія паказваў на напамінаньне ксяндза Раманоўскага, дазваляючы на замацаваньне яго ў веры і надзеі, аб розных артыкулах. Паліўкі і воды розныя піў, ажно ўжо ў нядзелю вечарам больш глытаць ня мог, а ўсё ж такі кадук меў, хаця ня так цяжка і ня так густа, ажно да самай сьмерці. А з панядзелка на аўторак на досьвітку, у шэсьць гадзін, пры пану Набароўскім і пры ксяндзу Раманоўскім, якія давалі малітвы, ды пры іншай моладзі ціхенька заснуў у Госпадзе пасьля стагнаньня цяжкага».

Крыштаф Радзівіл загадаў пахаваць астанкі Рысінскага ў Любчы і «над магілай пана Рысінскага высокі і харошы мураваны слуп узьнесьці і мармуровую табліцу ў яго паставіць, а з тылу каля гэтага слупа харошы курган насыпаць». Загад, пэўне ж, быў выкананы, але час сьцёр помнік з твару зямлі. Засталіся ад Рысінскага некалькі кніжак ды ўсе мы з вамі – беларусы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0