Лідар праўладнага Саюза палякаў абяцае «адстойваць незалежнасць нашай Радзімы».

 Фота БелТА

Фота БелТА

«Сёння кіраўнікі некаторых дзяржаў абмяркоўваюць пытанне аб прызнанні ці не прызнанні выбараў прэзідэнта Беларусі правамоцнымі. Дзякуй вялікі за клопат аб дэмакратыі ў нашай краіне. Шкада, што забыліся самую драбніцу — спытаць саміх грамадзян Беларусі, ці жадаюць яны “ашчаслівіцца” па іх рэцэптах?» — лідар праўладнага саюза палякаў Станіслаў Сямашка адрэагаваў на санкцыі Захаду супраць уладаў Беларусі.

Свой зварот ён падрыхтаваў па-расейску, Беларусь у ім называе Белоруссией.
Станіслаў Сямашка нагадвае пра забарону на ўезд у Польшчу для шэрагу сяброў ягонага саюза. І называе гэта «паскудненькімі рэпрэсіямі» за тое, што тыя, каму забаранілі наведваць Польшчу, «не здрадзілі Радзіме і не падпарадкаваліся апазіцыянерам», з чыёй подлай падачы дзейнічае польскі кансулат.
«А калі б хтосьці з «дэмакратаў» перамог? Што б іх чакала? Турмы? Ці штосьці горшае? Дзякуй, нам гэтага не трэба! Нас не запалохалі фашысты і вам нас не запалохаць! Пляваць нам на вашыя паскудненькія рэпрэсіі».

Сямашка абяцае і «далей несці ў народ польскую мову, гісторыю, культуру, дапамагаць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку адстойваць незалежнасць нашай Радзімы і працаваць для яе росквіту». Ён афіцыйна заяўляе , што ніхто не прымушаў беларускіх палякаў галасаваць за Лукашэнку.

«Ніхто не абяцаў аддзячыць за правільнае галасаванне да выбараў, ніхто не падзякаваў за падтрымку пасля выбараў і мы не чакаем, як апазіцыянеры, мільёнаў даляраў у выглядзе падзякі за тое, што мы выказваем сваю афіцыйную падтрымку А.Р.Лукашэнку зараз».
Далей Сямашка ад імя свайго саюза «афіцыйна і настойліва патрабуе, каб урады іншых дзяржаў перасталі беспардонна ўмешвацца ў нашы ўнутраныя справы і аспрэчваць наш палітычны выбар».

Напрыканцы звароту лідар праўладнага Саюза палякаў прыгразіў:

«Ці вы лічыце, што Вы мацнейшыя і багацейшыя і таму можаце дазволіць сабе зневажаць нас сваімі непрызнаннямі. Ведаеце, дэманстрацыі могуць быць не толькі супраць, але і ў абарону абранага Прэзідэнта!
Мы хочам з усімі сябраваць, але не дазволім сабою памыкаць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?