Сцэну, падобную да тэракту ў Дамадзедаве, знайшлі ў эпізодзе, забароненым да рэлізу ў Расіі.

Тэлеканал Russia Today заўважыў падабенства сцэны тэракту ў маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава» з відэашэрагам аднаго з эпізодаў скандальнай гульні Call of Duty: Modern Warfare 2.

Апытаныя тэлеканалам спецыялісты не выключылі, што тэрарысты могуць выкарыстаць відэагульні як мадэль для сваіх нападаў.

Відэакадры з месца выбуху падобныя, як лічыць тэлеканал, да відэашэрагу Call of Duty, дзеянне якой разгортваецца ў расійскім аэрапорце (віртуальны аналаг аднаго з тэрміналаў «Шарамецьева»). Па сюжэце, тэрарысты ладзяць там «крывавую лазню», расстрэльваючы направа і налева мірных грамадзян. Потым іх мішэнню робіцца прыбылы па трывозе спецназ ФСБ.

Гульня была выпушчаная амерыканскай кампаніяй Activision у лістападзе 2009 года і зрабілася суперпапулярнай. У ліцэнзійнай расійскай версіі гульні скандальная місія No Russian адсутнічае, аднак спампаваць яе пірацкую версію няцяжка.

Як адзначаюць журналісты RT, просты набор у пошуку YouTube выдае мноства спасылак, якія, мяркуючы па лічыльніках пад імі, прагледзелі сотні тысяч людзей. Адна наогул набрала звыш мільёна праглядаў.

Амерыканскі навуковец ліванскага паходжання, эксперт па міжнародным тэрарызме Валід Фарэс лічыць, што

джыхадзісты, сябры «Аль-Каіды» і іншыя радыкалы цалкам могуць выкарыстоўваць такія відэагульні як свайго кшталту «трэніровачную пляцоўку».

Часопіс «Вебпланета» адзначае, што на «прадказанне» тэракту ў аэрапорце «Дамадзедава», якое нібыта прысутнічае ў гульнявым эпізодзе Call of Duty, першымі звярнулі ўвагу геймеры. Зрэшты, яны ўсяго толькі адзначылі падабенства месца дзеяння, а расійскія СМІ «падхапілі гэтую ідэю і сур’еёзна шукаюць сувязь паміж задумай рэальных тэрарыстаў і сцэнарам антыгуманістычнай стралялкі», піша выданне.

Яно нагадвае, што расійскія ўлады ўгледзелі «антырасійскасць» Call of Duty: Modern Warfare 2 адразу пасля выпуску гульні. «Вебпланета» заўважае пры гэтым, што расійскія ўлады не выступаюць супраць гвалту ў гульнях як такога, прапаноўваючы для прыкладу ўспомніць патрыятычную сагу пра байца спецназа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?