Сучасныя спробы атрымаць максымум эфэкту ад рэлігійнага рэнэсансу 1990-х, хоць і пашыраюць абрад, але падважваюць веру. Піша Алег Дзярновіч.

Гэтымі восеньскімі днямі, але толькі 1517 году, Марцін Лютэр прыбіў да брамы Вітэнбэрскага кляштару тэзы супраць індульгенцыяў ды слаўнага іх прадаўца Ёгана Тэцэля, які дасягнуў вяршыняў у бессаромнасьці свайго рамяства. 95 тэзаў, прызначаныя для ўласна тэалягічнай дыскусіі, вель¬мі хутка сталі шырока вядомыя ды нечакана выклікалі масавую і палкую дыскусію. Працэсы, якія былі падштурхнутыя абурэньнем ад дэкадансу клеру, скончыліся ня проста зьменамі ў царкве, але прывялі да перагляду фундамэнтальных дагматаў каталіцтва.

Першапачаткова ж палемічныя стрэлы скіроўваліся супраць індульгенцыяў – спэцыяльных граматаў, выдадзеных ад імя папы, якія былі сьведчаньнем дараваньня грахоў – тых, што зьдзейсьненыя, і тых, што будуць учыненыя. Індульгенцыя выдавалася за асаблівыя заслугі перад царквой альбо за грошы. Акурат у канцы Сярэднявечча практыка продажу індульгенцыяў дасягнула неверагодных маштабаў, і ў гэтай праблеме сфакусаваліся незадаволеньне і расчараваньне ў пазыцыі царквы ў тагачасным грамадзкім жыцьці. Індульгенцыі можна было купіць паўсюль – ня толькі ля храмаў, але і на кірмашах. Хоць продаж індульгенцыяў меў і зусім іншы эфэкт ужо для гісторыі культуры. Папа Леў Х, які паходзіў з роду Мэдычы, упрыгожваў галерэі Ватыкану творамі Рафаэля ды выдаткоўваў вялізарныя сумы на актыўнае будаўніцтва. Гэтыя ініцыятывы аплачваліся «нямецкімі грахамі» – грашыма, якія праз індульгенцыі вымантачваліся з кішэняў «заальпійскіх барбараў».

Сёньня паўсюль: у падземных пераходах Менску, у прадуктовых крамах ва ўсіх гарадох Беларусі – можна пабачыць кіёскі альбо пункты збору ахвяраваньняў на карысьць Праваслаўнай Царквы. Часам гэта вядзе да паніжэньня і так невысокіх стандартаў беларускага гандлю, бо там, дзе былі скрынкі для торбачак пакупнікоў, зьявіліся паліцы з абразамі. Вось у гэтай ідэі паўсюднай прысутнасьці прыхаваная небясьпека для традыцыйнай рэлігійнай сьвядомасьці.

У 1950–1960 гадох у Францыі маладыя каталіцкія сьвятары, каб быць бліжэй да сваіх парафіянаў, пайшлі на фабрыкі. Яны працавалі побач з заводзкімі работнікамі і меркавалі, што спрыяюць пашырэньню Эвангельля. Вынікам стала яшчэ большая сэкулярызацыя францускага грамадзтва. Так і сучасныя спробы атрымаць максымум эфэкту ад рэлігійнага рэнэсансу 1990-х хоць і пашыраюць абрад, але падважваюць веру. Біблейская максыма «Богу Богава, а кесару кесарава» мае найперш значэньне падзелу сьвецкай і сьвятарнай сфэраў. Тое, што ёсьць атрыбутам рэлігійнага жыцьця, дарэчы, і ў царкве, ня мусіць вытыркацца з кожнага закуточку нашай паўсядзённасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0