У Фрунзенскім РУУС Мінска завершанае расследаванне крымінальнай справы аб серыі махлярстваў, звязаных з набыццём патрыманых іншамарак.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама, 36-гадовы мінчук разам з братам на працягу чатырох гадоў прыганяў патрыманыя аўтамашыны з Еўропы. Прычым прапаноўваўся вельмі шырокі спектр паслуг: пошук, набыццё, дастаўка, кансультацыі падчас афармлення, суправаджэнне і дапамога ў куплі непасрэдна за мяжой. Пры гэтым аўтабізнэсоўца не грэбаваў і махлярствам.

Схемы былі розныя, але ў асноўным зводзіліся да таго, каб пад якой-небудзь праўдападобнай падставай узяць авансавы плацеж або перадаплату для той ці іншай паслугі. Пры гэтым выкананне абавязанняў увесь час з розных прычынаў адкладалася. Сумы ў залежнасці ад віду абяцанай дапамогі або паслугі вар'яваліся ад некалькіх сотняў даляраў да 25 тыс. еўра і 32 тыс. даляраў.

Мінчуку ставяцца ў віну 25 злачынных эпізодаў, у выніку якіх былі падманутыя 13 чалавек на агульную суму 613 млн рублёў. Крымінальная справа, распачатая за махлярства і прысваенне або растрату ў асабліва буйным памеры, накіраваная ў суд, дзе абвінавачванаму можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?