Сакратарыят ТБМ зацьвердзіў зварот да кіраўніка беларускай дзяржавы з прапановай абвесьціць наступны 2007 год годам беларускай мовы і культуры.
У сваім звароце ГА ТБМ імя Ф.Скарыны нагадвае беларускім уладам, што ў наступным, 2007 годзе споўніцца 125 гадоў з дня народзінаў клясыкаў нашай літаратуры, вядомых грамадзкіх дзеячаў, палітыкаў і навукоўцаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У сувязі з гэтым ТБМ прапануе выдаць адпаведны Ўказ альбо Пастанову Савету Міністраў, у якіх варта будзе адлюстраваць наступнае: абвесьціць 2007 г. годам беларускай мовы і літаратуры; вярнуць у адукацыйныя стандарты для ВНУ абавязковае выкладаньне беларускай мовы і курсу "Беларусазнаўства"; аднавіць выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах з расейскай мовай навучаньня на дзяржаўнай беларускай мове; адкрыць у Менску Нацыянальны унівэрсытэт з выкладаньнем усіх прадметаў па-беларуску і надаць яму імя Якуба Коласа.