Інтэрв’ю Наталлі Радзінай для радыё «Свабода».

Карэспандэнтка: «Віншую з выхадам на свабоду і якія зараз маеце пачуцьці?»

Радзіна: «Зараз шчасьце, безумоўна. Шчасьце, што ты на свабодзе. І вельмі вялікая падзяка людзям, якія выказвалі салідарнасьць з намі ўвесь гэты час».

Карэспандэнтка: «Як вы сябе зараз пачуваеце?»

Радзіна: «Фізычна добра».

Карэспандэнтка: «На якіх умовах вас вызвалілі і як гэта адбывалася?»

Радзіна: «Гэта падпіска аб нявыезьдзе. Я ня маю права зараз жыць у Менску. Я павінна зьехаць у Кобрын, дзе я нарадзілася і дзе ў мяне рэгістрацыя. І ўвечары ў нядзелю я павінна быць ужо там. Падчас сьледзтва і суду я не павінна знаходзіцца ў Менску, і ўсе мае перасоўваньні павінныя ўзгадняцца са сьледчым».

Карэспандэнтка: «Як вы пачуваеце сябе ў падобнай сытуацыі і як бачыце сваю далейшую дзейнасьць?»

Радзіна: «Я буду працаваць журналісткай і гэтага мне ніхто ня можа забараніць».

Карэспандэнтка: «Што вы ведалі ў турме пра тое, што адбываецца вакол вас?»

Радзіна: «Я амаль нічога ня ведала, бо газэтаў не было. Я ведаю, што мне выпісалі „Народную Волю“, але я атрымала толькі адзін нумар. Потым мне яе забаранілі і проста не давалі. Увесь гэты час я атрымоўвала толькі „Камсамольскую праўду“ і „Аргумэнты і факты“, але там не было амаль ніякай інфармацыі аб нашай справе, яе было вельмі мала. Не было тэлевізара, не было лістоў. Лістоў я ні ад кога не атрымлівала. За месяц я атрымала толькі адзін ліст ад сваёй маці. Першыя два дні я яшчэ крыху нешта ведала, бо ў першы дзень патрапіла ў адну камэру з Настай Палажанкай, у другі дзень з Ірынай Халіп. Але затым мяне перавялі ў камэру з арыштаванымі паводле эканамічных спраў і я больш нічога абсалютна ня ведала».

Карэспандэнтка: «Ці ведалі гэтыя людзі чаму вы ў турме і як яны ставіліся да вас?»

Радзіна: «Гэта людзі апалітычныя, а ставіліся па-людзку. Нармалёвыя адносіны былі».

Карэспандэнтка: «Як ставіліся да вас сьледчыя, ахоўнікі?»

Радзіна: «Увогуле стаўленьне да жанчын там было нармалёвае».

Карэспандэнтка: «У чым вас асабіста вінавацілі?»

Карэспандэнтка: «Мяне зьвінавацілі ў тым жа, што і ўсіх арыштаваных: у чым зьвінавацілі Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, Мікалая Статкевіча і ўсіх іншых людзей, зь якімі мы праходзім паводле адной крымінальнай справе».

Карэспандэнтка: «Якія вашыя бліжэйшыя пляны на дзейнасьць, што вы будзеце рабіць, калі вернецеся ў нядзелю ў Кобрын?»

Радзіна: «Я буду працаваць журналістам, я буду працаваць рэдактарам charter97. І я буду рабіць усё, каб людзі, якія знаходзяцца зараз за кратамі, каб яны выйшлі на свабоду. Бо перш за ўсё неабходная салідарнасьць. Бо я ведаю, што я выйшла на свабоду толькі з-за вашай салідарнасьці. І кожны чалавек, кожны журналіст, кожны палітык, які хоць адно слова напісаў ці сказаў у маю падтрымку, ён зрабіў тое, што сёньня адбылося — што я выйшла на свабоду».

Карэспандэнтка: «Якія вашыя спадзяваньні на тое, што будуць вызваленыя іншыя палітвязьні?»

Радзіна: «Мне цяжка нешта пра гэта казаць. Усё залежыць ад салідарнасьці нашай і ад салідарнасьці сьвету».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?