Някляеў выглядае не вельмі здарова, але ўсьміхаецца. Голас бадзёры. Гэбісты вялі яго пад рукі. Было ўражанне, што ён сам не можа добра ісці.

 Фота Алеся Пілецкага, Наша Ніва.

Фота Алеся Пілецкага, Наша Ніва.

У 22.35 экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева кагэбісты завялі ў ягоную кватэру. Яна знаходзіцца на вуліцы Велікаморскай на паўднёвым усходзе беларускай сталіцы.

Някляева прывезлі на сінім мікрааўтобусе «Фальксваген Транспортэр». Спярша два супрацоўнікі спецслужбаў прайшлі ў кватэру Някляевых і ачысцілі яе ад пабочных асобаў.

Пасля два іншыя спецслужбісты вывелі палітыка. Някляеў выглядаў не вельмі здаровым. Стваралася ўражанне, што ён не можа сам добра ісці.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» паспеў задаць Някляеву некалькі пытанняў. Някляеў адразу папярэдзіў, што не мае права даваць інтэрв’ю. Кагэбісты вялі яго не спыняючыся, вельмі хутка. Але на хаду, ад машыны да пад’езда, Някляеў паспеў сказаць некалькі словаў. Кагэбісты пры гэтым захоўвалі маўчанне і хавалі свае твары.

«Вялікі дзякуй усім! Удзячны за падтрымку», — сказаў ён найперш. Да журналістаў Някляеў звярнуўся бадзёра і з усмешкай.

«Як Вы правялі гэты месяц у СІЗА КДБ?» — запытаўся карэспандэнт «Нашай Нівы». — «Там было няпроста», — паспеў адказаць Някляеў. І яго завялі ў пад’езд, куды доступ журналістам быў перакрыты.

Каля будынка Някляева чакалі каля 15 журналістаў і чацвёра прыхільнікаў апазіцыі. Яны праводзілі экс-кандыдата апладысментамі.

* * *

Сёння з-пад варты пад хатні арышт была вызваленая таксама Ірына Халіп, жонка Андрэя Саннікава.

Як паведамляюць лукашэнкаўскія СМІ, рашэнне аб змене меры стрымання прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Рашэнне было прынята, адзначае БелТА, «грунтуючыся на выніках праведзеных раней следчых мерапрыемстваў, устанаўленні асноўных абставінаў крымінальнай справы па факце масавых беспарадкаў у Менску 19 снежня, ролі кожнага з абвінавачаных і іх лініі паводзін са следствам, па ўзгадненні з органамі пракуратуры».

Вазняк жа пералічаны ў адным спісе выпушчаных з Корбанам, Радзінай, Паўлавым, Кобецам. Іх, як вядома, выпусцілі пад падпіску пра нявыезд з перабываннем у горадзе рэгістрацыі.

Някляеву і Халіп пад хатнім арыштам забаронена размаўляць праз тэлефон і выходзіць з дому.

Складаным псіхалагічным момантам будзе патлумачыць Даніку Саннікаву, чаму мама не можа выходзіць на двор і чаму побач увесь час прысутнічае варта. Але, галоўнае, Данік зараз будзе пры маме.

* * *

Хатні арышт: што пра яго піша Крымінальны кодэкс

Згодна з артыкулам 125 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ, хатні арышт можа суправаджацца наступнымі мерамі, якія ўжываюцца як паасобку, так і ў дапушчальнай сукупнасці:

1) забаронай выхаду з жытла поўнасцю або ў пэўны час;

2) забаронай тэлефонных перамоў, адпраўлення карэспандэнцыі і выкарыстання сродкаў сувязі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 5 часткi другой гэтага артыкула;

3) забаронай мець зносіны з пэўнымі асобамі і прымаць каго б там ні было ў сябе;

4) карыстаннем электроннымі сродкамі кантролю і ўскладаннем абавязку насіць пры сабе гэтыя сродкі і абслугоўваць іх работу;

5) ускладаннем абавязкі адказваць на кантрольныя тэлефонныя званкі або іншыя сігналы кантролю, тэлефанаваць па тэлефоне ці асабіста з'яўляцца ў пэўны час у орган дазнання ці іншы орган, які ажыццяўляе нагляд за паводзінамі падазронага або абвінавачанага;

6) усталяваннем нагляду за падазраваным ці абвінавачваным або яго жыллём, а таксама аховай яго жылля або адведзенага яму ў жыллё памяшкання;

7) іншымі падобнымі мерамі, якія забяспечваюць належныя паводзіны і ізаляцыю падазраванага, абвінавачанага ад грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?