Бацькі вучняў 4 А клясы менскай гімназіі № 23, дзе навучаецца старэйшая дачка Аляксея Міхалевіча, атрымалі адказ на хадайніцтва, у якім яны прасілі зьмяніць меру стрыманьня для былога кандыдата ў прэзыдэнты.

18 студзеня на бацькоўскім сходзе ў 4 А клясе 23 гімназіі Менску 16 бацькоў паставілі свае подпісы пад хадайніцтвам пра зьмену меры стрыманьня для Аляксея Міхалевіча, а таксама выказалі намер стаць ягонымі асабістымі даручнікамі. Старшыня бацькоўскага камітэту 4 А клясы Сяргей Лешчанка распавёў, як адрэагавалі ўлады на хадайніцтва бацькоў:

«Як старшыня бацькоўскага камтэту 4 „А“ клясы я накіраваў хадайніцтва па двух адрасах: у пракуратуру і ў ГУУС Менгарвыканкаму».

Пасьля гэтага атрымаў адказ, што нашая просьба была накіраваная ў КДБ Рэспублікі Беларусь. З КДБ адказ прыйшоў, чамусьці, на юрыдычны адрас 23 гімназіі.

З гэтым адказам я быў толькі азнаёмлены. Зьмест прыкладна наступны: бацькоўскі камітэт ці бацькоўскі сход не зьяўляецца грамадзкай арганізацыяй, якая можа мець дачыненьне да гэтай справы, таму мы ня можам хадайнічаць і мера стрыманьня Алесю Міхалевічу ня будзе зараз зьмененая".

Праваабаронца Тацяна Гацура, якая таксама зьяўляецца сябрам бацькоўскага камітэту клясы, у якой навучаецца старэйшая дачка Аляксея Міхалевіча, лічыць атрыманы адказ неадпаведным заканадаўству:

«Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам даручнікамі могуць зьяўляцца асобы, якія заслугоўваюць давер і якія даюць пісьмовае абавязальніцтва пра тое, што падазраваны альбо абвінавачаны, калі будзе знаходзіцца на волі, ня будзе хавацца ад органаў крымінальнага перасьледу і суду. Мне падаецца, што бацькі якраз тыя людзі, якія заслугоўваюць даверу. Думаю, што ў гэтым адказе ўвогуле не разглядалася пытаньне, заслугоўваем мы даверу ці не заслугоўваем, а проста адказалі, што ў прынцыпе не маем права, хаця гэта не па законе».

Аляксей Міхалевіч у ліку 37 абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і з 20 снежня 2010 году знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?