Тэлевізійнікі прывучылі гледачоў да кадраў, калі ўдзельнікі акцыі 19 снежня каюцца.

Можна здагадацца, што такія прызнанні выбіваюць псіхалагічным ціскам.

На гэтым фоне заўважна кантраставаў допыт актывіста Паўла Вінаградава. Кадры з яго дэманстравалі тэлеканалы АНТ і БТ.

Вінаградаў менш за ўсё быў падобны да зломленага чалавека. На ўсе пытанні следчага адказваў з усмешкай і іроніяй. Кажа, маўляў, не пашанцавала яму пры такім кіраўніку нарадзіцца, вось і выпраўляе сітуацыю.

Або сказаў:

«Мне здаецца, што пагром Дома ўрада пачалі апранутыя ў цывільнае міліцыянты, але доказаў гэтага ў мяне няма».

Паўлу Вінаградаву 22 гады. Ён мінчук, скончыў музычную школу. Доўгі час быў блізкі да «Еўрапейскай Беларусі». У 2008 годзе прайшоў праз крымінальную справу, якая атрымала назву «Працэс чатырнаццаці».

Тады Паша быў асуджаны на два гады «хіміі» без накіравання ў папраўчыя калоніі. Хлопец цалкам адбыў пакаранне, а не з’ехаў з краіны.

Падчас гэтай выбарчай кампаніі далучыўся да каманды Уладзіміра Някляева. Вінаградаў і ў дождж, і ў холад стаяў з пікетам ля крамы «Акіян», што ля плошчы Перамогі.

Сябра штаба Някляева Міхась Пашкевіч кажа, што «Вінаградаў як ніхто іншы якасна адпрацаваў кампанію». Яго ў вялізных навушніках можна было пастаянна бачыць за спінай паэта.

Цяпер жа хлопец дэманструе публічна сваю нязломную пазіцыю.

 Пікет каля ЦВК, Павел Вінаградаў (справа).

Пікет каля ЦВК, Павел Вінаградаў (справа).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?