25 лістапада адбудзецца сольны канцэрт гурта ў Палацы прафсаюзаў, а прыблізна 25 сьнежня ў адным з клюбаў пройдзе традыцыйная для «Старога Ольсы» сярэднявечная дыскатэка. «І самае вялікае, што мы робім першы раз у гісторыі свайго гурта, – распавядае Зьміцер Сасноўскі, – гэта вялікі гастрольны тур гэтай зімой па ўсёй Беларусі. Шэсьць гарадоў на працягу двух тыдняў. Дакладны графік невядомы, але ў сьнежні мы дакладна сыграем ужо ў горадзе Гомлі.»

Пра тое, што будзе адбывацца на канцэрце ў Палацы прафсаюзаў, лідэр калектыву Зміцер Сасноўскі распавёў «Еўрапейскаму радыё для Беларусі»: «25 лістапада мы плануем скласці праграму з розных твораў з розных часоў тыя, якія мы запісвалі на розных сваіх альбомах. І тое, што за гэты год мы здолелі знайсці і развучыць. Па традыцыі мы запрасілі ўдзельнічаць у канцэрце тэатр «Яварына», які выступіць з сярэднявечнымі і рэнесанснымі танцамі. А таксама разглядаем пытанне, каб хаця часткова паказаць агнявое шоў, выкарыстоўваючы так званы халодны агонь, таму што ў нашых залах забаронена выкарыстоўваць сапраўдны. Пэўную частку, прыкладна траціну, будзе складаць змест альбому «Гераічны эпас» – песні, якія мы толькі зараз навучыліся якасна выконваць, выкарыстоўваючы новыя інструменты. У нас з’явілася некалькі відаў цыстр (гэта прататып сучаснай гітары, падобны на лютню і мандаліну). З’явіўся яшчэ гонг, з’явілася некалькі шалмеяў. Два віды дудаў, адзін з якіх вельмі арыгінальны. Літаральна ў гэтым годзе знайшлі дзве гравюры, на якіх намаляваныя беларускія дудары. Прычым, гэта не народны тып дудаў, а еўрапейскі. І паводле гэтых гравюраў майстар Тодар Кашкурэвіч зрабіў інструмент, які мы таксама ўжо выкарыстоўваем».

Даведкі па канцэрце 25 лістапада па тэл. 6490888, 7662425

Алена Скарабагатава, «Тузін Гітоў»; ERB.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0