У мястэчку Мерачоўшчына, што каля Косава ў Івацэвіцкім раёне, грамадскасць, улады і дыпламатычныя прадстаўнікі адзначаць сёння 265-я ўгодкі з дня нараджэння Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі.

Гісторык з Івацэвічаў Павал Дайлід кажа: штогод 4-га лютага ў Мерачоўшчыну, дзе знаходзіцца адноўленая сядзіба, у якой нарадзіўся Касьцюшка, прыяжджае даволі вялікая дэлегацыя:

«Традыцыйна сюды прыедуць прадстаўнікі дыпляматычных місій, прадстаўнікі ўлады з вобласьці і раёну. Што адметна, кожны год павялічваецца колькасьць простых людзей, зусім не ангажаваных партыямі, рухамі, якія з навакольных вёсак, суседніх гарадоў прыяжджаюць адзначыць угодкі з дня нараджэньня нашага слаўнага земляка».

Штогод удзел у мерапрыемстве бяруць прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасьці зь Берасьця,
кажа намесьніца старшыні берасьцейскай філіі неафіцыйнага Саюзу палякаў Ганна Панішава:

«Мы заўсёды едзем да Касьцюшкі. 4-га лютага вучні нашай школы падрыхтавалі адмысловы выступ. Яны будуць чытаць вершы Мар’і Канапніцкай на польскай і беларускай мовах. Вершы прысьвечаныя Касьцюшку і паўстаньню».

Краязнаўца зь Берасьця Ігар Бараноўскі мяркуе, што пакуль асоба Касьцюшкі не ўшаноўваецца на належным узроўні ў нашай краіне:

«Яго сьлед у нашай гісторыі вельмі важны і значны, яго імя сапраўды вартае пашаны. Але калі толькі паглядзець па Берасьці, то можам прасачыць, што нават вуліца імя Касьцюшкі ня ў цэнтры гораду, а недзе ў новабудоўлі, ды няма яму і помніка на цэнтральнай плошчы. На жаль, ня тая пакуль улада, якая ведае прыярытэты гісторыі і належна іх расстаўляе. Імя Касьцюшкі яшчэ недастаткова ўшанавана».

Урачыстасці ў Мерачоўшчыне пачнуцца, а 12-й.

Мерапрыемства афіцыйна адзначаецца ўжо 16-ты год запар.

***

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Удзельнічаў у барацьбе за незалежнасьць Паўночнай Амэрыкі ад Вялікай Брытаніі, таксама ўдзельнічаў у Вялікай францускай буржуазнай рэвалюцыі. У 1794 годзе Касьцюшка кіраваў паўстаньнем супраць падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Лёзунг паўстаньня гучаў: «Свабода, еднасьць, незалежнасьць!».

Пры Берасьцейскім аблвыканкаме створаны фонд імя Тадэвуша Касьцюшкі.

У Сяховічах, што ў Жабінкаўскім раёне, знаходзіцца дом, дзе, як даводзяць некаторыя дасьледчыкі, нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка.

Імя Касьцюшкі носяць вуліцы ў Косаве, Івацэвічах, Лідзе і Горадні.

Помнікі Касьцюшку ёсьць у ЗША, Швайцарыі і Францыі.

А ў Аўстраліі ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі названа найвышэйшы пункт кантынэнту — гара на 2 228 мэтраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?