Фота Андрэя Лянкевіча

Тыя, хто памятае Ўладзімера Караткевіча, ведаюць, які гэта быў візіянэр, гумарыст і фантазэр. Ідучы ў менскі Палац мастацтваў, на выставу, прысьвечаную 75-годзьдзю пісьменьніка, чакаў калі не фэерыі, то, прынамсі, адэкватнасьці. Адэкватнасьці экспазыцыі маштабу асобы. Чаканьні аказаліся марнымі.

Прайшоўшы кніжны кірмаш, дзе нічым караткевіцкім ня тхнула ніколі, прамінуўшы кірмаш італьянска-тайляндзкага кічу, з амурчыкамі, сьфінксікамі й кабыламі ў натуральную велічыню, патрапіў у маленькую залю... Некалі тут, пад лесьвіцай у вялікую вышнюю залю, выстаўлялі дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва. Цяпер выставілі некалькі дзясяткаў твораў графікі й жывапісу з нагоды юбілею Караткевіча.

Аснову выставы ствараюць творы графікаў-клясыкаў караткевічыяны: Генадзя Грака, Арлена Кашкурэвіча, Віктара Мікіты, Яўгена Куліка, Івана Пратасені, Міколы Купавы, творы жывапісцаў Гаўрылы Вашчанкі, Анатоля Бараноўскага, Віктара Маркаўца, Ягора Батальёнка. Плякат прадстаўлены клясычнай тэатральнай афішаю «Сівая легенда» Ўладзімера Крукоўскага.

Творчасьць Караткевіча, яго вобраз у беларускім выяўленчым мастацтве мае трывалую традыцыю. Пачалося ўсё з ілюстрацыяў студэнта-графіка Генадзя Грака да раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў 1966 г. Пасьля быў аформлены А.Кашкурэвічам раман «Каласы пад сярпом тваім». Той экспэрымэнт у 1960-я стаў удалым прыкладам творчае садружнасьці тады яшчэ маладых мастакоў і літаратара. Тады й насамрэч было багата ўдалага ў нашай культуры.

Як і мае быць, на выставе, прысьвечанай пісьменьніцкаму юбілею, большасьць экспанатаў — гэта ілюстрацыі. Пажоўклая папера, старыя, яшчэ савецкія рамы... Зруйнаваныя замкі, суворыя ваяры, моцная акадэмічная школа малюнку. Міжволі адчуваеш сябе ў далёкіх часах. У тых часах, калі зеўралі выбітымі вачніцамі тысячы закінутых храмаў. У тых, калі ўсе зачытваліся Караткевічам і шукалі ягоных дэфіцытных кніжак, калі яшчэ былі жывыя Брэжнеў і Машэраў, а беларускі нацыянальны рамантызм, скіраваны ў кніжнае рэчышча, буяў усімі краскамі.

Нават тузін жывапісных палотнаў, створаных цяпер, выглядаюць рэмінісцэнцыяй тае ўжо бясконца далёкае эпохі «Зямлі пад белымі крыламі».

Партрэт Караткевіча на фоне навагарадзкіх вежаў Гаўрылы Вашчанкі, краявіды Анатоля Бараноўскага, «Руіны Гальшанскага замку» ды «Хата Зоські Верас» Алеся Цыркунова, творы Батальёнка, Белавокай, Вярэніч, Грышука, Драбышэўскага, аршанскія краязнаўчыя сюжэты Аўчыньнікава, Мяжуева, Капузы. Нібы й нямала... Але ўражаньне нішчымнасьці застаецца.

Яшчэ больш сумнае відовішча ўяўляе выстава ў Музэі беларускае літаратуры. Адчуваньне такое, нібы хто змушаў каго рабіць тыя выставы. Нібы ані каліва тае Караткевіцкае вясёлае, насуперак усяму, няўрымсьлівасьці не засталося. Калі сёньняшняя генэрацыя будзе меркаваць пра ролю й месца Ўладзімера Караткевіча ў нашай культуры паводле гэткіх выставаў, гэта будзе супярэчлівае меркаваньне. Бо яно будзе трывала зьвязваць ягоную постаць з эпохаю «разьвітога сацыялізму», у якой дазвалялася кардыячыцца нацыянальным рамантыкам і выдаваць іхныя кнігі ў найлепшай аздобе шматтысячнымі накладамі. З анахранічнаю моваю літаратуры й мастацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0