Гурт N.R.M. нядаўна вярнуўся са Славакіі, дзе адыграў канцэрт на плошчы ў цэнтры Братыславы. Акцыя была прымеркаваная да 17-х угодкаў незалежнасьці гэтае краіны. Сцэна была ўсталяваная проста сярод скульптурнага комплексу, прысьвечанага падзеям Другой Сусьветнай вайны. Апроч беларускіх музыкаў у канцэрце ўзяла ўдзел пані Кубішова з Чэхіі, якая пасьля падзеяў 68-га году за актыўную грамадзкую пазыцыю была пазбаўленая права займацца сьпеўнай творчасьцю аж да 1989-га. Яшчэ на канцэрце граў малады славацкі гурт «Пара». Лявон Вольскі піша пра паездку N.R.M. у сталіцу Славаччыны.

Па-першае, гэта было вельмі далёкае падарожжа – толькі ў адзін бок мы праехалі 1300 кілямэтраў. Прычым, ехалі зусім не па хуткаснай магістралі, а апошнія некалькі соцень кілямэтраў, наогул, - па горных пакручастых дарогах. Зрэшты, там вельмі прыгожыя краявіды, усе глядзелі на горныя рэчкі, мястэчкі, касьцёлы, так што й не заўважылі, як прыехалі.

Канцэрт быў добра аргінізаваны, і сцэна, і грымэркі абаграваліся, усё, пачынаючы з саўндчэку, адбывалася сваечасова, адным словам – узровень.

Ад Братыславы да Вэны – каля 60-ці кілямэтраў, да Будапэшту – 150. Прага таксама недалёка. Вельмі хацелася ўсё гэта наведаць, але не выпадала. Таму мы папросту пахадзілі па старым горадзе, папілі смачнага чэскага й славацкага піва, пашпацыравалі па беразе Дунаю, паглядзелі ў гатэлі мясцовыя тэлеканалы (дарэчы, славацкая мова, на дзіва, зразумелая для беларусаў!) і мусілі ехаць дадому.

Зь непрыемнага – на кожнай мяжы – Беларусі з Польшчай, Польшчы з Чэхіяй і Чэхіі са Славакіяй мы стаялі каля гадзіны. Нават калі не было ніякіх чэргаў. Памежнікі патлумачылі: вы зь Беларусі, таму, даруйце, нам трэба ўсіх перапісаць, занесьці дадзеныя ў кампутар і г.д. Такі цяперашні парадак.

З прыемнага – піва ў чэскім супэрмаркэце «Lidl» каштуе на нашыя грошы каля 300 беларускіх рублёў.

На адваротным шляху праглядзелі «Остраў» Лунгіна і некалькі дзясяткаў сэрыяў бясконцае эпапэі X-FILES.

Калі ўжо мы будзем у Беларусі граць на ўгодках незалежнасьці?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?