Еўрапейскі савет на пасяджэнні ў Бруселі 4 лютага ўхваліў заключэнні па Беларусі, прынятыя Саветам міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза 31 студзеня, у тым ліку рашэнне аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб.

Нагадаем, Еўрасаюз увёў візавыя санкцыі ў дачыненні да 157 службовых асоб Беларусі. Адначасова ЕС заявіў, што «застаецца верным сваёй рашучасці ўмацоўваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю».

«Еўрасаюз застаецца прыхільны сваёй палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння, у тым ліку праз дыялог і праграму „Усходняе партнёрства“, абумоўленай павагай да прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнству закону і правоў чалавека», — гаворыцца ў заключэннях Еўрапейскага савета, апублікаваных на сайце гэтага органа.

ЕС зноў заявіў «пра сваю цвёрдую прыхільнасць умацаванню ўзаемадзеяння з беларускай грамадзянскай супольнасцю».

У дакуменце гаворыцца, што Савет міністраў замежных спраў ЕС будзе рэгулярна вывучаць сітуацыю ў Беларусі і «захавае гатоўнасць да разгляду далейшых мэтавых захадаў ва ўсіх сферах у адпаведнасці з акалічнасцямі».

Еўрапейскі савет з’яўляўся вышэйшай палітычнай інстанцыяй ЕС, а пасля ратыфікацыі Лісабонскага дагавора набыў афіцыйны статус яго інстытута («Гласарый тэрмінаў Еўрапейскага саюза і Усходняга партнёрства»). У савет уваходзяць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін — членаў ЕС і іх намеснікі — міністры замежных спраў, а таксама старшыня Еўракамісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?