Дэпутат Асіповіцкага райсавета Аляксей Цюлькоў 5 лютага быў дапытаны ў КДБ. Падчас прэзідэнцкіх выбараў ён быў даверанай асобай Віталя Рымашэўскага,

сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта, раніцай 4 лютага Цюлькову патэлефанаваў Вадзім Марозаў з асіповіцкага міжраённага аддзялення УКДБ па Магілёўскай вобласці. Ён запрасіў Цюлькова на допыт, але той накіроўваўся ў камандзіроўку і заявіў, што без позвы размаўляць не будзе. Увечары, калі дэпутат вярнуўся, у яго паштовай скрыні ўжо была позва на 10 гадзін раніцы 5 лютага.

Допыт працягваўся больш за дзве гадзіны. Цюлькова папярэдзілі, што ён мае права не сведчыць супраць сябе. Вёўся пратакол допыту. Пытанні датычыліся падзей 18 і 19 снежня 2010 года, а таксама збору подпісаў і арганізацыі перадвыбарных сустрэч Рымашэўскага. Таксама былі пытанні пра замежныя паездкі Цюлькова, паведамляе прэс-служба.

19 снежня да Мінска Цюлькоў не даехаў: яго затрымалі ў Рудзенску, зняўшы з маршрутнага таксі. На пытанні, навошта ён ехаў у Мінск, хто яго запрашаў, дэпутат адказваць адмовіўся.

У студзені адбылася пазачарговая сесія Асіповіцкага раённага савета дэпутатаў, на якой Цюлькова астатнія дэпутаты абвінавацілі ў амаральнасці з-за збору подпісаў за Рымашэўскага, а таксама за спробу ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?