Візіт лівійскага лідара Муамара Кадафі ў Беларусь у лістападзе 2008 амерыканскія дыпламаты разглядалі як спробу знізіць цэны па пагадненнях у сферы ўзбраенняў з іншымі краінамі.
Пра гэта сведчыць сакрэтная дэпеша пасольства ЗША ў Трыпалі, апублікаваная сайтам WikiLeaks 31 студзеня.

Гэты дакумент, датаваны 5 сакавіка 2009 г., уяўляе сабой памятку да візіту ў Лівію камандуючага ўзброенымі сіламі ЗША ў Афрыцы генерала Уільяма Уорда. Падчас візіту планавалася абмеркаванне такіх тэмаў, як транснацыянальны тэрарызм, гуманітарная дапамога, старшыняванне Лівіі ў Афрыканскім саюзе, крызісная сітуацыя ў шэрагу краін Афрыкі, развіццё працоўных сувязяў і купля Лівіяй зброі.

Аўтары дэпешы нагадваюць камандуючаму Уорду, што сыны Кадафі Саіф аль-Іслам (кіраўнік дабрачыннага «Фонду Кадафі») і Мутасім (дарадца па пытаннях нацыянальнай бяспекі) разглядаюцца ў якасці магчымых пераемнікаў свайго бацькі. Пасольства паведамляе, што Мутасім — прыхільнік паляпшэння адносін Лівіі з ЗША, ён імкнецца да закупак узбраенняў у гэтай краіне.

Паведамляецца таксама, што лівійскія чыноўнікі выказвалі зацікаўленасць у набыцці ваеннага абсталявання ЗША (смяротнага і несмяротнага) падчас перамоваў аб аднаўленні лівійска-амерыканскага супрацоўніцтва.

Падчас візіту дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс у Лівію ў верасні 2008 Мутасім Кадафі сустрэўся ў кулуарах з яе памочнікам Дэвідам Уэлчам, і лівійскія службовыя асобы перадалі дыпламату «спісы пажаданняў» у кантэксце падпісання мемарандума аб узаемаразуменні ў ваеннай сферы.

Гэтыя спісы «ўключалі як смяротную, так і несмяротную ваенную тэхніку, і мы сказалі ўраду Лівіі, што продажы будуць разглядацца ў індывідуальным парадку, у прыватнасці таму, што не ўсе высокапастаўленыя кіраўнікі ўрада ЗША, якія маглі б выказацца па гэтым пытанні, прызначаныя новай [амерыканскай] адміністрацыяй».

Дыпламаты паведамляюць, што «Мутасім суправаджаў свайго бацьку падчас візіту ў Маскву на высокім узроўні ў кастрычніку для абмеркавання магчымых пагадненняў, аднак паездкі яго бацькі ў Беларусь і Украіну разглядаліся як спроба знізіць усталяваную цану па зброевых кантрактах».

Аўтары дэпешы адзначаюць, што Кадафі і прадстаўнікі яго рэжыму «цэняць адносіны з высокапастаўленымі заходнімі чыноўнікамі», таму візіт Уорда «дае выдатную магчымасць развіць паразуменне, неабходнае для вырошчвання тут будучых выгадаў». Уорд павінен стаць першым амерыканскім «камандуючым войскамі, які наведае Лівію» з пачатку 1970-х гг. Візіту папярэднічалі вераснёвая паездка ў Лівію Кандалізы Райс і падпісанне краінамі мемарандума аб узаемаразуменні ў ваеннай сферы ў студзені 2009 г.

Супрацоўнікі пасольства ЗША ў Трыпалі апісваюць Кадафі як лідара, які «нядаўна схіліўся да панафрыканізму, спрабуючы пашырыць свой уплыў у краінах, дзе падтрымку можна прыдбаць нядорага. Вельмі імаверна, што ён верыць сваёй уласнай рыторыцы аб тым, што ён — абаронца кантынента, які на працягу 400 гадоў пакутаваў ад каланізацыі».

Яны адзначаюць, што «кіраўніцтва Лівіі насцярожана ставіцца да замежнага ўплыву ў межах сваёй уласнай сферы ўплыву». Кадафі «балансуе паміж пошукам ваеннай дапамогі з боку еўрапейскіх дзяржаваў, якія ён лічыць адказнымі за беды Афрыкі, пры гэтым праводзячы жорсткую лінію палітыкі нацыянальнага суверэнітэту».

Пасольства ЗША выказвае ўпэўненасць у тым, што візіт Уорда ў Лівію знізіць асцярогі кансерватыўных прадстаўнікоў лівійскага рэжыму і паспрыяе поспеху Аб’яднанага камандавання ўзброеных сіл ЗША ў Афрыцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?