wikipedia.org

wikipedia.org

Але Польшчы варта падтрымліваць апазіцыю ў Беларусі, мяркуе польскі лідар.

У інтэрв’ю Польскаму радыё 6 лютага ён адзначыў, што Польшча робіць для беларускай апазіцыі больш, чым якая-небудзь з краін Еўрасаюза. Разам з тым, паводле слоў Камароўскага, «нічога зрабіць за беларусаў нельга, павінна паспець сітуацыя ў Беларусі, павінны паспець і эліты».

Прэзідэнт выказаў нязгоду з папрокам з боку кіраўніцтва польскай нацыянал-кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць», якое мяркуе, што ўсходняя палітыка Польшчы пацярпела паражэнне ў Беларусі.

Камароўскі адзначыў, што

замежная палітыка павінна быць гнуткай.

Паводле яго слоў, Польшча ўвесь час спрабуе штосьці рабіць, спадзеючыся, што гнуткасць будзе праяўлена і іншым бокам.

На тэрыторыі Беларусі жывуць тысячы палякаў, і палітыка пад лозунгам «не размаўляем, толькі ціснем» была б для іх знішчальнай, заявіў прэзідэнт. Гэты аргумент, паводле меркавання Камароўскага, можа пераканаць палітыкаў «Права і справядлівасці» ў неабходнасці спрабаваць штосьці змяніць на ўсходзе ад Польшчы.

Камароўскі таксама сказаў, што адсутнасць добрай праграмы ўсходняй палітыкі з’яўляецца слабасцю Еўропы. Ён паведаміў, што імкнецца падкрэсліваць важнасць гэтага кірунку палітыкі ў гутарках з прадстаўнікамі заходніх суседзяў Польшчы — такіх, як Германія і Францыя.

* * *

Як паведамлялася раней, 2 лютага ў Варшаве адбылася канферэнцыя «Салідарнасць з Беларуссю». Яе мэта — прэзентацыя прапаноў Польшчы, ЕС і ЗША па падтрымцы дэмакратычнага руху Беларусі. Выступаючы на канферэнцыі, польскі міністр замежных спраў Радослаў Сікорскі заклікаў беларускую апазіцыю чэрпаць натхненне ў дзейнасці польскага руху «Салідарнасць», які зверг камунізм у Польшчы ў 1989 годзе, і прадказаў Аляксандру Лукашэнку ўцёкі з уласнай краіны.

Пасля снежаньскіх падзей у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваіх публічных выступленнях неаднаразова абвінавачваў Польшчу, а таксама Германію ў спробе дзяржаўнага перавароту і звяржэння канстытуцыйнага ладу ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?