Вядомая журналістка Юлія Слуцкая сышла з пасады галоўнага рэдактара Еўрапейскага радыё для Беларусі, якую яна займала некалькі апошніх гадоў. Гэтую пасаду заняў Віталь Зыблюк, які да апошняга часу быў намеснікам у сп-ні Слуцкай.

Якія прычыны яе сыходу?

Юры Дракахруст: Юлія, чаму вы сышлі з пасады галоўнага рэдактара Еўрарадыё?

Слуцкая: Мне шкада, што гэта здарылася, для мяне гэта было вельмі балючае рашэнне. Прычыны — і простыя і складаныя.

Я медыйна кансультавала каманду аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты. Тыя людзі, з якімі я працавала амаль што год, трапілі за краты. Некага вызвалілі пад хатні арышт, каго — пад падпіску, але якая сітуацыя ў краіне, вы ведаеце.

Цяпер я разумею, што адсюль, з-за мяжы я магу зрабіць нешта карыснае і для гэтых людзей і для краіны. Я цяпер у Варшаве спрабую стварыць бюро інфармацыі, аналітыкі і PR, якое б дапамагло нашай беларускай супольнасці даносіць свае думкі і рашэнні да Захаду.

Мы арганізавалі каманду з палітыкаў, якія прадстаўлялі каманды розных кандыдатаў і засталіся на волі, і зрабілі для іх паездкі па еўрапейскіх сталіцах напярэдадні пасяджэння Еўрапарламенту па Беларусі 12 студзеня і пасяджэння Рады ЕС 31 студзеня.

Палітыкі і грамадскія дзеячы наведалі Польшчу, Літву, Чэхію, Нямеччыну, Данію, Галандыю і Швецыю. У нас адбыліся сустрэчы на высокім узроўні, мы праводзілі прэс-канферэнцыі, паказвалі фільм пра 19 снежня, фотавыставу. Гэта была вельмі карысная праца.

Дракахруст: Юля, а ўсё ж вы самі сышлі ці вас прымусілі сысці, як тое было, калі вы былі рэдактарам «Комсомольской правды в Белоруссии» [у 2006 г.]?

Слуцкая: Я медыйна кансультавала адну з кандыдацкіх камандаў у свой вольны час. Сысці — гэта было выключна маё асабістае рашэнне. Я зразумела, што настаў час, калі трэба было выбіраць. Я проста не магла ўжо сумяшчаць. Я мусіла зрабіць выбар і я яго зрабіла.

Тое, што я цяпер ствараю, гэта таксама медыйная праца, і я спадзяюся, што ў мяне нешта атрымаецца.

Дракахруст: І вы не будзеце больш працаваць на Еўрарадыё ні ў якай якасці?

Слуцкая: Працаваць я там не буду. Але чалавечыя кантакты, зразумела, захаваюцца. Там мае сябры, мае партнёры, мае любімыя журналісты. Але гэта не будуць працоўныя кантакты, толькі сяброўскія і чалавечыя.

Дракахруст: А некаторыя людзі з Еўрарадыё сыйдуць з вамі ў ваш праект?

Слуцкая: Ні ў якім разе. Я ніколі не пайду на тое, каб забіраць людзей з праекту Еўрарадыё. Я буду шукаць іншых людзей.

Дракахруст: А як вы ацэньваеце прызначэнне Віталя Зыблюка на пасаду галоўнага рэдактара радыё?

Слуцкая: Вельмі добра. Гэта мой намеснік, з якім мы працавалі ўвесь гэты час. Віталь хоць і малады, але вельмі крэатыўны чалавек, шмат чаму навучыўся за гэты час. Я спадзяюся, што ў яго добра атрымаецца.

Дракахруст: Юлія, а вы збіраецеся застацца за межамі Беларусі?

Слуцкая: Пакуль у мене тут праца — я працую тут. Бяспечна ці небяспечна мне цяпер ехаць у Беларусь — я не ведаю. Будзем глядзець.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?