Не чытаю тэксты Паўла Якубовіча. Разам з Паўлам Ізотавічам я працаваў у «Крыніцы» — «Роднике». Назваць яго журналістам не магу. Калі паўтараць словы Антона Луцкевіча, дык магу сказаць, што «не можна чакаць ад рэпарцёра, каб стаў журналістам па заказу».

Не чытаў я і сачыненне Якубовіча ў «Саўбелцы» з нагоды падзеяў 19 снежня. Менавіта сачыненне, менавіта з нагоды, бо з ранейшага досведу ведаю, што Павел Якубовіч умее сачыняць «з нагоды» («по случаю»).

І вось чытаю ў апошнім нумары «Народнай Волі» нататкі Віктара Дашука, і ў самым postscriptum’е спатыкаюся на такое: Якубовіч у тым сваім сачыненні сцвярджае, што «В. Некляев в прошлом — фактически алкоголик».

Віктар Дашук, як былы сабутэльнік Уладзіміра Някляева і Паўла Якубовіча, сведчыць: Якубовіч «пил не меньше, чем Некляев, а часто — и намного больше!».

Сведчу і я: цяперашні «сенатар» і галоўрэд быў майстар «прыняць на грудзі». (Між іншым, я стараўся пазбягаць выпівак з Якубовічам: мне не падабаўся яго пошлы гумар.)

Але я пра іншае.

Алкагалізм — дыягназ. Хвароба. І страшная, нават брыдкая хвароба. Асабліва для родных і блізкіх алкаголіка, ягоных сяброў.

Не буду распінацца, каб давесці,

што Уладзімір Някляеў алкаголікам ніколі не быў.

Ягоныя публічная дзейнасць, творчасць і творы — найлепшы доказ гэтага. Затое я сцвярджаю, што Якубовіч узвёў паклёп на чалавека. І Уладзімір Някляеў пры жаданні можа ўчыніць пазоў паклёпніку. Але я чамусьці ўпэўнены, што паэт не будзе пэцкацца, пішучы пазовы ды заявы. А Якубовіч ўпэцкаўся чарговы раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?