Лёс арыштаваных у Мінску па справе аб масавых беспарадках грамадзян Расіі вырашыць толькі суд, заявіў 10 лютага прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

«Для таго каб правільна ацэньваць сітуацыю, што склалася, трэба адзначыць, што пасольства Расіі было своечасова праінфармаванае пра затрыманне згаданых грамадзян. Для супрацоўнікаў пасольства Расіі была дадзена магчымасць сустрэчы з затрыманымі без якіх-небудзь абмежаванняў», — адзначыў Савіных.

Ён падкрэсліў, што «затрыманым прад’яўленыя абвінавачанні, так што ўсе публікацыі ў СМІ, у якіх гаворыцца пра зваротнае, не адпавядаюць рэчаіснасці».

«Крымінальная справа на гэтых грамадзян перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Іх далейшы лёс вырашыць толькі суд», — сказаў прэс-сакратар МЗС.

Паводле слоў Савіных, расійскі бок «у поўным аб’ёме валодае інфармацыяй па гэтым пытанні і ведае, што гэта расследаванне праводзілася строга ў рамках дзеючага заканадаўства з выкананнем грамадзянскіх правоў затрыманых».

Прэс-сакратар таксама адзначыў, што «такая сітуацыя вельмі падобная на справу беларускага грамадзяніна Ігара Беразюка». Беразюк, нагадаем, абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Маскве на Манежнай плошчы.

«Як уяўляецца, справы такога кшталту павінны вырашацца толькі ў рамках дзеючага заканадаўства і прававога поля. Любыя дзеянні, якія могуць быць класіфікаваныя як уціск на суд ці органы следства, недарэчныя і супрацьпраўныя», — заявіў Савіных.

Як паведамлялася раней, сітуацыя з затрыманымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня ў Мінску расійскімі грамадзянамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам стала галоўнай тэмай сустрэчы статс-сакратара — намесніка міністра замежных спраў Расіі Рыгора Карасіна з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым 9 лютага ў Мінску.

8 лютага міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў чарговы раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Тое, што адбылося пасля выбараў, было абсалютна непатрэбным і непрымальным. Мы заклікаем вызваліць кандыдатаў у прэзідэнты, вызваліць журналістаў, праваабаронцаў, а таксама і двух нашых грамадзян, якім дагэтуль не прад’яўлены ніякія абвінавачанні», — сказаў Лаўроў.

8 лютага таксама стала вядома, што хадайніцтва адвакатаў аб спыненні крымінальнай справы ў дачыненні да расіян Івана Гапонава і Арцёма Брэуса было адхілена. Як заявіў БелаПАН саветнік расійскага пасольства Вадзім Гусеў, у следчым упраўленні ГУУС Мінгарвыканкама супрацоўнікам дыпмісіі адмовіліся паведаміць, чым матываваная адмова ў задавальненні хадайніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?