Допыт экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Дзмітрыя Уса ў КДБ, які павінен быў адбыцца раніцай 10 лютага, перанесены ў сувязі з адсутнасцю адваката.

«Сённяшні допыт перанесены. Вырашаю пытанне з адвакатам. Хутчэй за ўсё, допыт пройдзе ўжо на наступным тыдні», — паведаміў Ус.

Пра неабходнасць прысутнасці на допыце адваката Усу паведамілі ў КДБ 9 лютага. Экс-кандыдат у прэзідэнты не выключае, што прысутнасць адваката можа спатрэбіцца ў сувязі з магчымым прад’яўленнем яму абвінавачання па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

Папярэдні допыт у КДБ адбыўся 8 лютага. «Задавалі розныя пытанні — адкуль фінансаванне, адкуль ведаю Мікалая Статкевіча. Ім патрэбная інфармацыя аб тым, што нібыта Статкевіч арганізоўваў масавыя беспарадкі», — сказаў экс-кандыдат.

Паводле слоў Уса, яму абяцалі, што ён будзе праходзіць па гэтай крымінальнай справе ў якасці сведкі, калі пацвердзіць інфармацыю аб дачыненні Статкевіча да арганізацыі беспарадкаў. У адваротным выпадку ён будзе праходзіць па справе як саўдзельнік. «Я ў адказ сказаў, што мне нічога падобнага невядома, я не бачыў, каб кандыдаты бралі ўдзел у беспарадках», — падкрэсліў былы кандыдат.

Як лічыць Ус, пытанні пра Статкевіча яму задаюць у сувязі з тым, што частка ініцыятыўнай групы Уса збірала подпісы за Статкевіча; абодва кандыдаты таксама разам ездзілі па краіне падчас перадвыбарнай кампаніі.

Нагадаем, Дзмітрый Ус быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. У той жа дзень у СМІ паступіла яго заява, у якой Ус асудзіў «справакаваныя ўдзельнікамі мітынгу беспарадкі і спробу сілавога захопу будынка ўрада». Затым Уса адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Ён з’яўляецца падазроным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?