Група няўрадавых арганізацыяў рэзка крытыкуе рашэньне ўладаў аб разбурэньні старога дому. Размова вядзецца пра дэмантаж аўтэнтычнага будынку ХІХ ст., што належыў віленкаму купцу Абрахаму Шлёсбэргу. Гэтае імпазантнае збудаваньне ў выглядзе палацыка, дзе за савецкім часам і быў палац піянэраў, стаіць пад Гедымінавай гарою, за Катэдральным саборам. Доўгі час там месьціліся службы археолягаў, якія праводзілі дасьледваньні Ніжняга замку Вільні. Цяпер гэты помнік эклектычнага стылю эпохі гістарызму мусіць быць разабраны пад адбудову Палаца Ўладароў, што стаяў тутсама раней, да сярэдзіны ХІХ ст.

Падчас пікету, што прыцягнуў да сябе ўвагу сотняў мінакоў, быў зачытаны зварот да Сойму Літвы, ураду і прэзідэнта, у якім паведамляецца, што: «у выпадку разбурэньня, больш за тое, як цяпер прапануецца, частковага захаваньня й улучэньня дому Шлёсбэрга ў архітэктуру Палацу Ўладароў, быў бы стовораны небясьпечны прэцэдэнт у літоўскай спадчыне, стаў бы ўпаўнаважаны рэлятывізм вартасьцяў, што пагражае ўсім здабыткам краіны, ільвіная частка зь якіх і без таго знаходзіцца ў крытычнам стане».

Вялікакняскі палац Уладароў на Ніжнім замку ў Вільні – адзін з найбольш спрэчных праектаў незалежнае Літвы. Улады спасылаюцца на «жаданьне нацыі». І гэты аргумант пераважыў астатнія. Насамрэч, адбудова вялікакняскга палацу стане магутным сымбалем адраджэньня Вільні, як сталіцы дзяржавы і стане важкім унёскам... саміх літоўцаў у яе дойлідхтва.

Праект адбудовы зьнішчанага расейцамі сымбалю былое велічы Вялікага княства быў вымысьлены яшчэ... ў ХІХ ст.! Дасёньня шыкоўную Залю перамоваў, найстарэйшую ў палацы Прэзідэнтуры Літоўскае рэспублікі, упрыгожваюць рэканструкцыі Ніжняга замку, што створаныя былі яшчэ ў 1894–1923 гг.! Таму праект гэты зусім невыпадковы і, бадай, карысны для сучаснае Вільні. І праходзіць ён пад пільным наглядам грамадзкасьці, археолягаў і журналістаў. Таму мэтодыка рэгенэрацыі й рэстаўрацыі, бюджэт гэтага рамантычнага праекту, становіцца прадметам усенародных дыскусіяў. У выніку гэты новы аб’ект стане насамрэч неад’емнай часткаю віленскай спадчыны і будзе ўважацца віленчукамі за свой. Вось толькі што ж рабіць з домам Шлёсбэрга? Зьнішчыць яго для адбудовы колішняга палацу (што мэтадалягічна было бы слушна) ці ўключыць часткова ў нова-стары Ніжні замак (што было бы ашчадней для спадчыны, але прывяло бы да яе рэлятывізму)? У Літве гэтае пытаньне вырашае грамадзянская супольнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?