Незвычайная судовая спрэчка здарылася ў Брэсце. Будаўнік адмаўляецца падпісваць акт здачы-прыёмкі работ, а кліент дабіваецца гэтага праз суд, бо яму гэта трэба для атрымання крэдыту.

«Я не магу дабіцца справядлівасці», — жыхар Брэста Аляксандр Шчэрба адстойваў свой інтарэс у многіх інстанцыях. Зняверыўшыся, даслаў у рэдакцыю «НН» ліст, у якім апісаў свой выпадак.

Аляксандр — індывідуальны прадпрымальнік, будаўнік. У 2009 г. ён падпісаў дамову будаўнічага падраду з Ірынай К. (імя змененае Рэдакцыяй) З 20 жніўня па 30 лістапада брыгада Шчэрбы мусіла выканаць шэраг будаўнічых работ у доме К. Кантракт прадугледжваў безнаяўны разлік. Гэта паводле дамовы, а па словах Шчэрбы, аплата мела нюансы.

Гаспадыня, піша ён, выпісвала будаўнікам чэкі на большыя, чым яны зарабілі, сумы, кажучы, што ў яе заканчваецца чэкавая кніжка. Рэшту з тых сумаў будаўнікі вярталі гаспадарам. Тыя абяцалі заплаціць ізноў, як толькі яны зробяць працы на іх. Але слова нібыта не стрымалі. На думку будаўніка, гаспадыня выкарыстала іх, каб канвертаваць частку безнаяўнага крэдыту ў рэальныя грошы. І гэта яшчэ не ўсё.

У адным з актаў здачы-прыёмкі выкананых працаў будаўнік убачыў падроблены кімсьці свой подпіс.

Там жа былі пазначаныя працы, якія брыгада Шчэрбы не выконвала, а згодна з дамовай цягам двух гадоў падрадчык нясе гарантыйную адказнасць за сваю працу. Ён напісаў заяву ў банк, дзе К. атрымала льготны крэдыт на рамонт. Звярнуў увагу на падробку подпісу ды іншыя падазроныя моманты ў актах здачы-прыёмкі. Але заяву вярнулі. Прадпрымальнік пайшоў у Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Справу перадалі ў АБЭЗ Маскоўскага раёна Брэста. Там следчы тройчы падпісваў пастанову аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы нібыта праз немагчымасць пацвердзіць факт фальшавання подпісу Шчэрбы. Трэцюю адмову падпісаў у момант, калі подпіс праходзіў экспертызу ў Дзяржаўным экспертна-крыміналістычным цэнтры. Мінскія эксперты прызналі факт фальшавання подпісу, але крымінальную справу не пачалі, заявіўшы, што ў дадзеным выпадку факт падробкі подпісу малазначны і не нясе вялікай шкоды. Банк прызнаў, што крэдытныя сродкі выдаткоўваліся па прызначэнні, ніякай маёмаснай шкоды яму не нанесена.

«Аказваецца, у Брэсце закон — гэта сувязі», — абураўся Шчэрба. Пры гэтым ён прызнае, што ўмовы аплаты з гаспадыняй яны абмяркоўвалі вусна і ніякіх дадатковых дакументаў не афармлялі.

Прадпрымальнік дайшоў да Генпракуратуры і Адміністрацыі прэзідэнта.

Адзіны вынік — следчага АБЭЗ папярэдзілі пра неабходнасць больш старанна і ўсебакова разглядаць заявы і паведамленні пра злачынствы.

Шчэрба не падпісаў акт выкананых работ, бо не хоча браць на сябе гарантыйную адказнасць за працы, якія не рабіў.

Ірына К. лічыць, што сваімі дзеяннямі Шчэрба парушыў яе правы спажыўца. Без яго подпісу жанчына не можа працягнуць ільготны крэдыт. Яна звярнулася ў Таварыства абароны спажыўцоў і суд Маскоўскага раёна Брэста. Суд абавязаў Шчэрбу падпісаць акт. «У нас быў суд, мы яго выйгралі. Усе факты, выкладзеныя ў скаргах Шчэрбы, правяраліся ў кампетэнтных органах. І нідзе не знайшлі пацверджання», — расказала «НН» Ірына. Яна кажа, што Шчэрба працаваў у іх усяго некалькі дзён. «Прыводзіў на працу нейкіх людзей, сваіх знаёмых. Я з ім разлічвалася, а ён — са сваімі людзьмі». Па словах жанчыны, іх з мужам не задаволіла праца Шчэрбы, таму яго адхілілі ад будоўлі, ад чаго ён і пакрыўдзіўся. «Гэта такі чалавек, яму толькі дай, каб паскардзіцца на каго. Яму больш няма чым заняцца. Калі скончыцца суд, я пайду ў пракуратуру».

Пакуль рыхтаваўся артыкул, Брэсцкі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу А.Шчэрбы і вярнуў справу на дапрацоўку ў Маскоўскі суд. Той мусіць высветліць, хто выконваў будаўнічыя працы, за якія не хоча распісвацца Шчэрба. Акрамя таго, да справы ізноў падключылі ДФР.

Вось так звычайная будоўля ператварылся ў кашмар для абодвух бакоў праз адыход ад афіцыйнай схемы разлікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?