Калегія Вярхоўнага суда Беларусі пад старшынствам наменіка старшыні ВС Валерыя Калінковіча 11 лютага разгледзела касацыйныя скаргі асуджанага да вышэйшай меры пакараньня жыхара Гомельшчыны Ігара Мяліка.

14 верасьня 2010 года Магілёўскі абласны суд вынес Мяліку смяротны прысуд за здзяйсненне серыі забойстваў, рабаўніцтва, крадзеж у складзе злачыннай групоўкі, а таксама за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. Па справе таксама праходзілі заснавальнік Беларускага рэспубліканскага аб’яднання джыу-джытсу і самаабароны Аляксандр Козыраў і сябра аб’яднання Аляксандр Сычоў. Козыраў развітаўся з жыццём у магілёўскім СІЗА. Сычоў асуджаны да пажыццёвага зняволення.

Злачынная групоўка забівала грамадзянаў іншых краін, якія ехалі на машынах з небеларускімі нумарамі транзітам праз тэрыторыю Магілёўскай вобласці і спыняліся адпачыць, рабавалі іх,

забіраючы асабістыя рэчы і аўтамабілі. Кіраваў дзеяннямі забойцаў Аляксандар Козыраў.

Абодва асуджаныя, як і іх «духоўны гуру» Козыраў, — жыхары Гомельшчыны. Першае выкрытае следствам іхняе злачынства было здзейсненае 25 чэрвеня 2009 года. За тры месяцы разбою яны забілі чатырох чалавек: двух грамадзянаў Расеі і двух — Малдовы.

Заслухаўшы касацыйную скаргу, аргументы падсуднага, довады адваката і дадаткова прадстаўленыя разам з касацыйнай скаргай дакументы, Калегія Вярхоўнага Суда пакінула прысуд суда першай інстанцыі бяз зменаў.

У Ігара Мяліка застаўся адзіны шанец — памілаванне ад імя Аляксандра Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?