Генеральны дырэктар сотавага аператара life:) Азджан Эрміш абвяргае інфармацыю аб сваім сыходзе з пасады.

Як растлумачыла БелаПАН прэс-сакратар ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» (гандлёвая марка life:)) Таісія Пастухова, 11 лютага ў інтэрнэце з’явіліся паведамленні, што нейкае рэкрутынгавае агенцтва займаецца пошукам кандыдата на месца генеральнага дырэктара life:) у Беларусі, якое зараз займае Азджан Эрміш.

«Ад імя прэс-службы кампаніі я хачу абвергнуць гэтую інфармацыю. З упэўненасцю заяўляю, што гэта проста чуткі, якія не маюць пад сабой ніякага фактычнага пацвярджэння. Азджан Эрміш працягвае працаваць на сваёй пасадзе генеральнага дырэктара life:). Кампанія Turkcell не праводзіць ніякіх дзеянняў па пошуку яго пераемніка», — падкрэсліла прэс-сакратар.

Сітуацыю пракаментаваў і сам Азджан Эрміш. «Зараз я працягваю працаваць на пасадзе генеральнага дырэктара life:) Беларусь. З упэўненасцю хачу сказаць, што мне невядома нічога пра чуткі, што мне шукаюць пераемніка. Ніякіх такіх дакладных звестак з кампаніі Turkcell я не атрымліваў. Магчыма, гэта інфармацыя зыходзіць ад людзей, якім некамфортна ад таго, што мы так хутка развіваем кампанію life:) у Беларусі», — сказаў Эрміш.

***

ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» (life:)) было зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. Пасля падпісання кантракта 29 ліпеня 2008 года ўвайшло ў міжнародную групу кампаній Turkcell. Зараз заснавальнікамі кампаніі «БеСТ» выступаюць Turkcell Group (80%) і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі (20%).

Абаненцкая база аператара life:) складае прыкладна 1,5 млн. карыстальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?