Расейскія журналісты зь незалежных мэдыяў, акрэдытаваныя на сустрэчы прэзыдэнтаў СНД у Менску, пакінулі саміт і адмовіліся асьвятляць яго. Гэты дэмарш быў зроблены на знак салідарнасьці зь іх калегамі – карэспандэнтамі «Московского комсомольца» і «Коммерсанта», якія не былі дапушчаныя на сустрэчу ў вярхох, хаця і мелі акрэдытацыю.

Прадстаўнік прэсавай службы прэзыдэнта Расеі паведаміў, што на саміце засталіся толькі прадстаўнікі дзяржаўных мэдыяў, «каб грамадзкасьць ведала, што адбываецца на саміце».

Кіраўнік расейскага саюзу журналістаў Ігар Якавенка патлумачыў, што «ўсе журналісты прэзыдэнцкага пулу падтрымалі сваіх калегаў і адмовіліся асьвятляць тое, што суправаджалася гэткай агіднасьцю. Я лічу, што гэта добрая навіна,» – заявіў Ігар Якавенка і дадаў, што «расейскія ўлады не дазваляюць сабе такога хамства адносна журналістаў».

Беларускі бок лічыць абгрунтаваным сваё рашэньне не дапускаць да асьвятленьня саміту СНД журналіста «Московского комсомольца», а таксама фотакарэспандэнтаў гэтага выданьня і газэты «Коммерсант». З такой заявай выступіў кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі. Ён патлумачыў, што незадоўга да саміту ў гэтых выданьнях былі апублікаваныя матэрыялы і фотаздымкі, «якія абражаюць кіраўніка беларускай дзяржавы».

Абразіўшы прэзыдэнта Беларусі, журналісты «Московского комсомольца» і «Коммерсанта» абгрунтавана не прайшлі акрэдытацыю для працы ў нашай краіне, пра што яны былі паінфармаваныя, – сказаў спадар Лёгкі.

Паводле яго, расейскія журналісты сышлі з выніковай прэсавай канфэрэнцыі, даведаўшыся, што там ня будзе Ўладзімера Пуціна. «Такім чынам яны прадэманстравалі сваю абыякавасьць да вынікаў мерапрыемства, дзеля асьвятленьня якога яны і прыехалі ў Менск,» – мяркуе кіраўнік прэсавай службы Лукашэнкі.

Паводле яго падобныя дзеяньні расейскіх СМІ наносяць шкоду традыцыйна дружалюбным адносінам двух краінаў, якія імкнуцца стварыць саюзную дзяржаву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?