Сёньня на вечар плянавалася правядзеньне на Кастрычніцкай плошчы Менску моладзевай акцыі ў падтрымку зьняволенага Зьмітра Дашкевіча, акцыя таксама была прымеркаваная да саміту кіраўнікоў краінаў СНД, што цяпер праходзіць у Менску.

Яшчэ задоўга да пачатку акцыі міліцыя і АМОН узялі ў ачапленьне Кастрычніцкую плошчу. Прарвацца на яе выглядала маларэальным, таму моладзь вырашыла правесьці пікет ля будынку “Макдональдса”, што на перасячэньні галоўнага менскага праспэкту і вуліцы Леніна. Туды змагло патрапіць каля 30 чалавек.

Са словаў Насты Палажанкі, маладзёны ўзяліся за рукі, каб утварыць ланцуг. Акцыя доўжылася літаральна некалькі хвілінаў. Пасьля чаго зьявіліся байцы АМОНу, якія пачалі разрываць людзей з ланцугу і кідаць на прыступкі падземнага пераходу. Палажанка кажа, што даўно не сутыкалася з такой жорсткасьцю з боку праваахоўных органаў.

Разам з Настай Палажанкай з атачэньня АМОНу змаглі вырвацца яшчэ сямёра чалавек. Пра астатніх удзельнікаў акцыі пакуль няма пэўнасьці ці ёсьць хто затрыманы. Наста кажа, што на пікет не прыйшло багата людзей, бо яны меркавалі трапіць на плошчу з боку вуліцы Янкі Купалы, а адтуль праход быў надзейна перакрыты.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?