Няўдачай завершылася чарговая спроба Масквы і Менску дамовіцца пра падзел даходаў ад экспратных мытаў на нафтапрадукты, што выпрацоўваюцца на беларускіх НПЗ з расейскай сыравіны, – піша ў сёньняшнім нумары расейскі «Коммерсантъ».

Расея настойвае на падзеле мытаў на вываз дызпаліва, мазуту і бэнзыну, атрыманых з расейскай сыравіны, што цяпер зьбіраюцца ў беларускі бюджэт. Паводле лёгікі Масквы, паколькі экспарт расейскай нафты на тэрыторыю Беларусі мытамі не абкладаецца і бюджэту Расеі нічога не дастаецца, «сваё» ён мусіць атрымаць, калі выпрадукаваныя з пастаўленай сыравіны нафтапрадукты будуць прададзеныя трэцім краінам, то бок у Эўропу.

Апошняя прапанова Расеі – дзяліць даходы ад мытаў у прапорцыі 85 да 15 на яе карысьць. Паводле экспартных ацэнак, Беларусь зарабляе да 4 мільярдаў даляраў у год на розьніцы між цаной імпартнай расейскай нафты і сусьветнай цаной на экспартаваныя нафтапрадукты.

Паводле словаў аднаго з удзельнікаў перамоваў, рознагалосьсі выклікала не прапорцыя падзелу даходаў (зь ёй беларусы ўжо не спрачаюцца), а спосаб разьліку мыты. Беларусы стаяць на тым, каб пры яе вызначэньні аднімаўся ПДВ, які плаціцца пры ўвозе нафты ў краіну з Расеі. Расейскі бок супраць, бо ў выніку такой арытмэтыкі дзяліць ужо амаль ня будзе чаго – пасьля заліку ПДВ рэальна сплочаная мыта складае ня больш за 20% намінальнай, – падсумоўвае «Коммерсантъ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0