Украіна гатова выступіць пасрэднікам паміж Беларуссю і Еўрапарламентам для нармалізацыі адносін. Пра гэта заявіў спікер Вярхоўнай рады Украіны Уладзімір Літвін 15 лютага ў Кіеве на пятым пасяджэнні Міжпарламенцкай Асамблеі Украіны і Польшчы.

«Мы прапанавалі, што Украіна гатова выступаць пасрэднікам у зносінах паміж Еўрапейскім парламентам і Беларуссю, разумеючы, што шлях ізаляцыі — гэта самы просты шлях, які не дае ніякага выніку», — сказаў ён.

Літвін таксама адзначыў, што разумее пазіцыю Еўропы адносна працэсу прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі, але спадзяецца, што ініцыятыва ўкраінскага боку будзе падтрыманая.

Акрамя таго, старшыня Вярхоўнай рады Украіны лічыць неэфектыўнай працу праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». «Па маім глыбокім перакананні, станаўленне „Усходняга партнёрства“ яўна зацягнулася. У нас склалася ўражанне, паважаныя калегі, што памянялі палітыку суседства на „Усходняе партнёрства“ для таго, каб выпрацаваць пэўную форму адстойніка для дзяржаў, якія геаграфічна, ментальна, гістарычна адносяцца да Еўропы. Перадусім я маю на ўвазе Украіну», — сказаў Літвін.

Ён выказаў надзею, што эфектыўная праца «Усходняга партнёрства» актывізуецца падчас старшынства Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе. «Гэты працэс, я маю на ўвазе „Усходняе партнёрства“, ужо мае патрэбу ў рэанімацыі, нават не пачаўшы сваёй працы. Мы спадзяёмся, верым і разлічваем, што падчас польскага старшынства ў Еўрапейскім Саюзе гэты праект пачне працаваць», — падкрэсліў Літвін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?