Сёлетні лістапад б’е тэмпературныя рэкорды. 27 лістапада ў Менску абсалютны тэмпературны максымум быў перавышаны на 1 градус цяпла – такое назіраецца ўпершыню. Апошні такі цёплы лістапад назіралі ў 2000 г.

Такое незвычайна цёплае для канца восені надвор’е пратрымаецца да пачатку сьнежня. Прыкладна з другога тыдню зімы тэмпература пачне паніжацца да характэрнага для гэтае пары ўзроўню. Пра гэта паведаміла начальніца аддзелу метэаралягічных прагнозаў Белгідрамэтцэнтру Надзея Мельчакова. Па яе словах такое цёплае надвор’е хоць і не характэрнае для нашай тэрыторыі, але здараецца ўсё часьцей. Нешта падобнае адбывалася ў 2000 годзе, калі дзякуючы цёпламу надвор’ю азіміна расла аж да сярэдзіны сьнежня. У гэтым годзе праз халодны і вільготны пачатак восені азіміну пасеялі пазьней. Але цяпер гэта й да лепшага, бо зь вяртаньнем цяпла вэгетацыя аднавілася. То праз тое спазьненьне расьліны не перарастуць лішне. Рэзкага пахаладаньня не прагназуецца, таму азіміна пасьпее прайсьці працэс загартоўкі.

Што можна дарабіць у садзе, карыстаючыся рэштаю цёплых дзянькоў? Да самага пачатку зімы можна садзіць дрэвы і кусты (акрамя костачкавых ды іншых цеплалюбівых расьлінаў). Пад пладовымі дрэвамі трэба прыбраць апалае лісьце, ачысьціць ствалы дрэваў ад хворай кары, зрэзаць засохлыя ды паламаныя галінкі. Вельмі важна добра паліць дрэвы, бо цягам зімы яны губляюць шмат вільгаці, асабліва ў моцныя маразы. Паліваць трэба ў баразну, пракапаную на адзін штых рыдлёўкі на адлегласьці даўжыні галінаў. Пры гэтым дрэвы варта падкарміць. Цяпер і ў вясковых крамах прадаюць збалянсаваныя для рознаўзроставых дрэваў угнаеньні. Каб не нашкодзілі зайцы, мусова абвязаць шчэпы яловымі лапкамі ці рубэройдам. Гэта заадно зьберажэ іх і ад моцнага марозу. Добры сродак ад марозу – фарбаваньне ствалоў белай фарбай. У адмысловых крамах прадаецца фарба з дамешкам меднага купарвасу, што засьцерагае дрэва ад шматлікіх хваробаў. Можна пабяліць па-старому – сумесьсю вапны, гліны і каравяку, дадаўшы туды трошкі купарвасу (на вядро вады бяруць 2 кг вапны, 1 кг глiны, 2 кг каравяку i 200--300 гр купарвасу). Фарбаваць варта да надыходу халадоў.

Аматарам ружаў таксама варта паклапаціцца пра сваіх прыгажуняў. Як толькі холад трошкі схопіць зямлю, карані кветак трэба ўцяпліць. Для гэтага можна выкарыстаць торф. Стволік варта абвязаць тканінай, хто прапускае паветра і, а таксама лапікамі елкі. У гэты ж час можна пасадзіць тульпаны, нарцысы, касачы. А вось цыбуліны гладыёлусаў і вяргіняў канечне выкапаць, прасушыць і зьмясьціць на зіму ў халаднаватым месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?