Шэсце на 25-га сакавіка будзе супольным. Такое рашэнне было прынята аргкамітэтам па святкаванні Дня Волі.

«Падчас акцыі 25-га сакавіка, першасным лозунгам мусіць быць „Захаванне незалежнасці Беларусі“,
- расказаў падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. - У той час, калі адбываецца масавы продаж айчынных прадпрыемстваў, а першая ластаўка гэтага працэсу — гэта аб’яданне нашага МАЗа з расейскім КАМАЗам, мы павінны разумець, што эканамічная незалежнасць пад пагрозай. Улада распрадае прадпрыемствы ўзамен на прызнанне выбараў і дзейнасці Лукашэнкі. Мы павінны данесці гэта людзям. І, вядома, нельга забывацца на тое, што зараз вельмі шмат нашых сяброў, паплечнікаў і проста неабыякавых людзей несправядліва знаходзяцца за кратамі. Вызваленне палітвязняў — абавязковае патрабаванне ад уладаў. Партыя БНФ актыўна працуе над інфармацыйная кампаніяй. На сёння ўжо вядома, што на нашым сайце будзе прэзентаваны праект „Свабодныя людзі“, дзе знакамітыя асобы Беларусі выкажуцца, што яны думаюць пра незалежнасць Беларусі і Дзень Волі. Таксама намі
ўжо распрацавана ўлётка ў форме паштоўкі, дзе будзе змяшчаца інфармацыя пра гісторыю свята, а таксама пра надзённае пытанне — стан палітвязняў».

Прадстаўнік Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі заявіў, што аргкамітэт па правядзенні святкавання Дня Волі застаецца адкрытым. «20 лютага мы запрашаем журналістаў, палітыкаў, грамадскіх лідараў і проста неабыякавых людзей ў 18.30 на сядзібе БНФ абмеркаваць фармат нашага свята. Думаю, што да нас далучацца яшчэ і іншыя рухі, партыі, людзі. Бо наша задача аб’яднаць як мага больш людзей, а не займацца самапіярам пэўных палітыкаў. Мы звяртаемся з афіцыйным зваротам у Менгарвыканкам, каб падкрэсліць, што акцыя будзе негвалтоўнай, мірнай.

Мы таксама падкрэсліваем, што гатовыя несці персанальную адказнасць за бяспеку людзей,
таму загадзя будуць праведзеныя перамовы з праваахоўчымі органамі з заклікам наладзіць працу адказна і якасна. Мы больш не дапусцім, каб нас выстаўлялі радыкаламі і адшчапенцамі. Калі на плошчы і будуць п’яныя людзі, мы будзем іх адразу аддаваць у рукі міліцыі. Але я перакананы, што сярод свядомых беларусаў, што прыйдуць на Свята Волі, такіх не будзе».

Прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў дадаў, што, на ягоную думку, сёлета 25 Сакавіка — сумнае свята. «Шмат нашых людзе за кратамі. У Дзень Волі мы павінны праявіць салідарнасць з імі.

Падзеі 19 снежня аб’ядналі нас, цяпер мы ўтвараем супольны рух, які гатовы змагацца за незалежнасць Беларусі, яе суверэнітэт і развіццё», —
мяркуе ён.

Асобныя заяўкі, пададзеныя напярэдадні ў Мінгарвыканкам, будуць скасаваныя і пададзеная новая, супольная заява. Большасць удзельнікаў аргкамітэту ўжо паставілі свае подпісы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?