Літоўскія памежнікі не дазволілі ўехаць у Літву з Беларусі двум грузавым аўтамабілям, у якіх знаходзіліся радыеактыўныя дровы.

Радыеактыўны фон перавышаў норму больш чым удвая, паведаміла Служба аховы дзяржмяжы Літвы.

Каля поўначы ў сераду супрацоўнікі заставы Трыбаняй Варэнскага злучэння Службы аховы дзяржмяжы на КПП Шальчынінкай зафіксавалі, што пры ўездзе з Беларусі грузавога аўтамабіля MAN спрацавала стацыянарнае радыяцыйнае вымяральнае абсталяванне.

Памежнікі затрымалі аўтамабіль, які вёз дровы і за рулём якога знаходзіўся 25-гадовы грамадзянін Беларусі. Яны правялі дадатковую праверку аўтамабіля пры дапамозе пераносных радыяцыйных вымяральных прыладаў, а таксама высветлілі, што ўзровень іянізавальнага выпраменьвання грузу дасягае прыкладна 50 мікрарэнтген у гадзіну. Дапушчальны фон — 20 мікрарэнтген.

Менш чым праз гадзіну на КПП Шальчынінкай пад’ехаў яшчэ адзін грузавік MAN, за рулём якога быў 26-гадовы грамадзянін Беларусі. У грузавіку таксама былі дровы. Ізноў спрацаваў стацыянарны вымяральнік радыяцыі, а пры дапамозе пераносных вымяральнікаў было высветлена, што радыяцыйны фон грузу таксама складае 50 мікрарэнтген.

Было прынятае рашэнне не дазволіць увозіць у Літву гэты груз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?